Нафтоўнае ралі з-за вайны ў Іране не выратуе расійскі бюджэт
1- 3.03.2026, 20:21
Бюджэт РФ занадта раздзьмуты выдаткамі на вайну ва Украіне.
З-за вайны ў Іране цэны на нафту Brent дасягнулі $83 за барэль, але гэта не дапаможа Расіі збалансаваць бюджэт, раздзьмуты выдаткамі на вайну ва Украіне, перадае The Moscow Times.
Каб яго дэфіцыт склаў запланаваныя 3,8 трлн руб., сярэдняя за год экспартная цана расійскай нафты Urals павінна быць $59 за барэль — зыходзячы з яе складзены бюджэт. А каб даходы бюджэту зраўняліся з выдаткамі, ужо патрабуецца $97, ацэньвалі аналітыкі Альфа-банка.
У студзені сярэдняя цана Urals склала $41, вынікі лютага Міністэрства эканамічнага развіцця РФ яшчэ не падвяло. Пры гэтым цана эталоннай Brent большую частку месяца трымалася ў дыяпазоне $60–70. З-за санкцый зніжкі на расійскую нафту падскочылі напрыканцы мінулага года і ад таго часу так і не зменшыліся: у лютым яны складалі $27–28.
Нафтоўнае ралі амаль не адбілася на Urals. 2 сакавіка яна каштавала $46,4, адзначае галоўны эканаміст «Рэнесанс Капіталу» Андрэй Мелашчэнка. Такія каціроўкі Urals «падразумяваюць, што дысконт дадаткова пашырыўся на пачатку сакавіка», канстатуе ён.
У дадатак да велізарных зніжак, якія Расія вымушаная даваць пакупнікам нафты, бюджэтныя даходы памяншае моцны рубель. Бюджэт складзены, зыходзячы з сярэднегадавога курсу 92,2 руб./$, але пакуль долар таннейшы за 80 руб. У выніку рублёвая цана барэля, якая фармуе нафтагазавыя даходы бюджэту, у лютым была менш за 3500 руб. — на трэць меншая за запланаваныя 5440 у сярэднім за год. Папярэдняя разліковая рублёвая падатковая цана Urals на 2 сакавіка складала 3582 руб. (Urals — $46,4 за барэль; курс долара — 77,3 рубля), ацэньвае Мелашчэнка.
Гэта прыкладна на 7% больш, чым каштавала расійская нафта ў пятніцу. Рост каціровак Urals змяншае недабор нафтагазавых даходаў: кампенсуючыя яго продажы валюты і золата з ФНБ, паводле ацэнак Мелашчэнкі, скарацяцца з 227 млрд руб. у лютым да прыкладна 150 млрд руб. у сакавіку. Але кардынальна сітуацыю з расійскім бюджэтам гэта не змяняе.
Эксперты не спяшаюцца пераглядаць прагнозы сярэднегадавой цаны нафты. БКС чакае стабілізацыі каціровак і захоўвае прагноз цаны Brent на 2026 г. $63/бар., піша аналітык Кірыл Бахцін. Пры гэтым рублёвыя цэны застаюцца надзвычай нізкімі, адзначае ён: «Праблема ўсё тая ж: высокі дысконт, які трымаецца з канца мінулага года, і моцны курс нацыянальнай валюты».
Расійскія ўлады таксама не маюць ілюзій наконт доўгатэрміновасці росту сусветных цэн на нафту. Саветнік старшыні ЦБ Кірыл Трэмасаў заклікаў не звяртаць увагі на кароткатэрміновыя ваганні цэн, а арыентавацца на прагноз доўгатэрміновага збалансаванага кошту нафты. «Збоі з пастаўкамі… у любым выпадку будуць мець часовы характар», — упэўнены ён.
Мінфін праз тое, што цэны на нафту значна ніжэйшыя за закладзеныя ў бюджэт, тэрмінова рыхтуе змены ў бюджэтным правіле, каб выратаваць рэшткі ФНБ. Так званая цана адсячэння будзе паніжана, што аўтаматычна пацягне за сабой змяншэнне базавых нафтагазавых даходаў бюджэту. Гэта скараціць продажы валюты з ФНБ і аслабіць рубель. Калі цану адсячэння знізяць да $50 за барэль, гэта можа дадаць да сярэднегадавога курсу долара 2–3 рублі, што выгадна бюджэту, разважае вядучы аналітык «Фінама» Аляксандр Патавін.
Гэта значна менш, чым трэба бюджэту. Пры цяперашніх коштах на Urals долар павінен падаражэць да 117,5, каб бюджэт быў збалансаваны, падлічыла Reuters.