«Ён размаўляў па-літоўску без акцэнту»
- 27.03.2026, 10:13
- 3,932
У Вільнюсе паліцыя затрымала правакаратара.
У сераду раніцай паліцыя ў цэнтры Вільнюса затрымала непаўналетняга, які на набярэжнай Віліі напісаў фарбай надпіс «Вільня наша». У справе выявіўся цікавы паварот.
Як паведамляе LRT.lt, парушальніка спыніў прахожы. Жыхар Вільнюса ішоў зранку на працу, калі ўбачыў незвычайнае відовішча.
— Я бачыў, што чалавек сядзіць на карачках, нешта робіць. Я не надаваў асаблівай увагі, але калі падышоў бліжэй, заўважыў, што чалавек у капюшоне, апрануты ў чорнае, нешта фатаграфуе, — расказаў Паулюс у інтэрв’ю выданню.
Мужчына ўжо чуў пра такія надпісы ў Вільнюсе, якія праваахоўныя органы трактуюць як правакацыі з мэтай пасеяць разлад у Літве.
— Я спытаў: «Што вы тут робіце?» Ён паглядзеў на мяне, зразумеў, што яго злавілі, і пачаў уцякаць, — успамінае Паулюс.
Мужчына кінуўся за падлеткам. Дагнаць удалося ў раёне праспекта Гедыміна — хлопец спатыкнуўся, упаў, і мужчына прыціснуў яго да зямлі.
Паводле слоў Паулюса, затрыманы пачаў казаць, што яму ўсяго 14 гадоў, заплакаў і пачаў прасіць прабачэння.
— Ён сказаў, што не хацеў нічога маляваць, што зрабіў гэта таму, што яму пагражалі, што, калі ён не напіша гэтыя словы і не сфатаграфуе, яго дом спаляць, — расказаў суразмоўца.
Акрамя таго, яго ўразіла, што падлетак размаўляў па-літоўску без акцэнту.
Мужчына перадаў парушальніка паліцыі. Паводле яго слоў, супрацоўнікі, якія забіралі хлопца, сказалі, што ведаюць гэтага маладога чалавека.