Названая колькасць патэнцыйна прыдатных для жыцця планет
1- 26.03.2026, 22:14
- 1,276
Іх — дзясяткі.
Астраномы скарацілі спіс патэнцыйна прыдатных для жыцця светаў з тысяч да некалькіх дзясяткаў. З больш як 6000 вядомых экзапланет вучоныя вылучылі 45 камяністых планет, якія з найбольшай верагоднасцю могуць падтрымліваць жыццё. Праца апублікаваная ў часопісе Monthly Notices of the Royal Astronomical Society (MNRAS).
Каманда прааналізавала даныя місіі Gaia і архіва NASA Exoplanet Archive, каб вызначыць планеты, што знаходзяцца ў так званай прыдатнай для жыцця зоне — вобласці вакол зоркі, дзе тэмпература дазваляе існаваць вадкай вадзе. Менавіта наяўнасць вадкай вады лічыцца ключавой умовай для жыцця, таму такія планеты разглядаюцца як галоўныя кандыдаты для далейшых назіранняў.
Сярод найбольш перспектыўных аб'ектаў — Proxima Centauri b, TRAPPIST-1e, TRAPPIST-1f і Kepler-186f. Асаблівую увагу вучоныя надаюць сістэме TRAPPIST-1, якая знаходзіцца ўсяго за 40 святлавых гадоў ад Зямлі, а таксама планеце LHS 1140 b.
Некаторыя з гэтых светаў атрымліваюць прыкладна столькі ж энергіі ад сваіх зорак, колькі Зямля ад Сонца. Гэта робіць іх асабліва цікавымі для пошуку атмасферы і магчымых біясігнатур.
Акрамя таго, даследчыкі вылучылі яшчэ 24 планеты, што знаходзяцца ў больш вузка акрэсленай прыдатнай для жыцця зоне. Таксама ў спіс уключылі аб'екты з выцягнутымі арбітамі — напрыклад, TOI-700e і K2-3d, — каб зразумець, ці могуць планеты заставацца прыдатнымі для жыцця, нават калі яны перыядычна выходзяць за межы камфортных тэмператур.
Атрыманы каталог павінен дапамагчы астраномам сканцэнтраваць намаганні на найбольш перспектыўных аб'ектах. У найбліжэйшыя гады іх будуць вывучаць з дапамогай касмічных і наземных тэлескопаў.
Вучоныя спадзяюцца, што дэталёвыя назіранні дазволяць вызначыць, ці ёсць у гэтых планет атмасфера і якія ўмовы на іх паверхні. Гэта стане наступным крокам у пошуку пазазямнога жыцця і ўдакладненні межаў прыдатнасці для жыцця ва Сусвеце.