The Bell: Пуцін на закрытай сустрэчы з алігархамі прапанаваў ім добраахвотна скінуцца на вайну
13- 26.03.2026, 21:15
- 8,692
«Патрэсці бізнес дыктатару РФ прапанаваў Ігар Сечын.
Сёння пасля з'езду РСПП Уладзімір Пуцін правёў закрытую сустрэчу з буйнымі бізнесменамі. Змест такіх сустрэч звычайна не раскрываецца, а пасля пачатку вайны засакрэчаны нават спіс іх удзельнікаў. Але, паводле слоў крыніц The Bell, Пуцін абмеркаваў з алігархамі працяг вайны і яе фінансаванне.
«Сказалі, будзем ваяваць», — пераказвае сутнасць выступлення Пуціна адзін з суразмоўцаў The Bell, знаёмы з зместам размовы. «Пойдзем да межаў Данбаса», — пераказвае іншы. А пасля гэтага Пуцін прапанаваў бізнесменам рабіць добраахвотныя ўзносы ў бюджэт, сцвярджаюць абодва.
Паводле слоў аднаго з суразмоўцаў The Bell, ідэя «патрэсці бізнес у цяжкі для краіны час» належыць кіраўніку «Раснафты» Ігару Сечыну, які напярэдадні выклаў яе ў лісце Уладзіміру Пуціну.
Некаторыя бізнесмены адгукнуліся на просьбу проста на сустрэчы. Сулайман Керымаў паабяцаў унесці 100 млрд рублёў, сцвярджае адзін з суразмоўцаў The Bell і пацвярджае другі. Ідэю падтрымаў яшчэ як мінімум адзін буйны бізнесмен, які прысутнічаў на сустрэчы, праўда, суму свайго ўзносу ён не назваў.