Гулец павінен пакінуць поле за 10 секунд: ФІФА ўводзіць новыя правілы
2- 26.03.2026, 20:06
- 2,068
Яны будуць дзейнічаць на ЧС-2026.
Міжнародная федэрацыя футбола (ФІФА) уводзіць новыя правілы, якія ўжо будуць дзейнічаць на чэмпіянаце свету ў 2026 годзе.
Арганізацыя ўводзіць пяць новых зменаў.
Гулец, якога замяняюць падчас матчу, павінен пакінуць поле за дзесяць секунд. Калі гэты ліміт будзе перавышаны, то футбаліст, які выходзіць замест яго, будзе абавязаны пачакаць яшчэ хвіліну. На ўвод мяча з аўта і ўдары ад варот камандам адводзіцца не больш за пяць секунд.
Пры аказанні медыцынскай дапамогі гульцу трэба будзе пакінуць поле на адну хвіліну, калі эпізод не звязаны з парушэннем, якое караецца карткай. Сістэма відэадапамогі арбітрам (VAR) зможа ўмешвацца ў гульню пры спрэчных кутніх ударах і другіх жоўтых картках. Цяпер па тлумачэнні да суддзі зможа звяртацца толькі футбаліст з капітанскай павязкай.
Чэмпіянат свету пройдзе ў ЗША, Канадзе і Мексіцы з 11 чэрвеня па 19 ліпеня. Раней паведамлялася, што на фоне абвастрэння канфлікту на Блізкім Усходзе і ўдзелу ў ім ЗША зборная Ірана можа адмовіцца ад гульні на ЧС. Пазней стала вядома, што ў Іране абмяркоўваюць з ФІФА магчымы перанос матчаў каманды з ЗША ў Мексіку.