Марк Рютэ: НАТА рыхтуецца да атак Расіі на энергетыку Еўропы
2- 26.03.2026, 16:52
Энергетычная інфраструктура можа стаць адной з галоўных мэтаў РФ.
Краіны-члены НАТА ўжо актывізуюць вучэнні і трэніроўкі. Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе генеральнага сакратара НАТА Марка Рютэ, перадае «Радыё Свабода».
Расія вызначаная як «найбольш значная і прамая пагроза» бяспецы, міру і стабільнасці ў еўраатлантычным рэгіёне. Таксама адзначаецца, што РФ працягвае выпрабоўваць альянс — праз парушэнні паветранай прасторы, дыверсіі і кібератакі.
Цяпер краіны-члены НАТА ўжо «робяць высновы з досведу Украіны, узмацняючы навучанне, трэніроўкі і каардынацыю ў сферы абароны крытычна важнай энергетычнай інфраструктуры».
Акрамя таго, у дакладзе гаворыцца пра доўгатэрміновы падыход НАТА да аказання дапамогі Украіне ў вайне. Паводле выдання, для краін «важна, каб альянс працягваў аказваць Украіне падтрымку, неабходную для яе абароны сёння, адначасова дапамагаючы ёй быць гатовай стрымліваць любую будучую агрэсію Расіі заўтра».