У прыгарадзе Віцебска выпаў «доламітавы снег»
- 26.03.2026, 16:40
- 2,040
Жыхары кажуць пра экалагічную катастрофу.
Жыхары пасёлка Руба пад Віцебскам скардзяцца на экалагічныя праблемы, звязваючы іх з прадпрыемствам па перапрацоўцы доламіту — філіялам «Доламіт» ААТ «Беларускі цэментны завод». Доламітавы пыл пранікае ў кватэры, а праца завода выклікае занепакоенасць за здароўе.
Праблема абвастраецца пры сухім і ветраным надвор'і, а скаргі на забруджванне паветра ў рэгіёне з'яўляюцца перыядычна.
На працягу апошніх дзён мясцовыя жыхары запісвалі некалькі ролікаў з пазнакай «крык душы» з-за высокай запыленасці мікрараёна.
«Вось такія вось белыя машыны стаяць, а гэта адвал і трактар. Вось такая вось бачнасць, проста прыгажосць», — кажа аўтар аднаго з ролікаў, выкладзеных у сацсетках.
«23 сакавіка, Руба, пасёлак. Вось такая вось бачнасць. Сёння вечар, прыгажосць. Пыл слупом, страшна адкрываць вокны. Вось такія брудныя вокны, літаральна за тры месяцы. Не ведаю, ці варта гэта мыць, ці не. Памыеш — і літаральна праз пару дзён такая ж гісторыя», — кажа жыхар пасёлка.
«Вясна прыйшла, выпаў доламітавы снег», — жартуюць у каментарыях пад відэа.