Беларуска знайшла ў булачках з крамы металічныя шарыкі
3- 26.03.2026, 15:19
- 2,010
Што ёй адказалі.
Мінчанка купіла ў «Еўраопце» на вуліцы Бурдзейнага, 11, булачку, з якой вываліліся два металічныя шарыкі. Фота з незвычайнай знаходкай яна апублікавала ў сацсетках.
Як на гэту і іншыя скаргі пакупнікоў адрэагавала санслужба і само кіраўніцтва сеткі крамаў, распавяла агенцтва «Мінск-Навіны».
Здавалася, што перац
На непрыемную знаходку ў ежы ў выглядзе кавалачкаў металу паскардзілася мінчанка ў сацыяльнай сетцы Threads.
— Шчыра, была ў шоку: вось гэтыя два металічныя шарыкі сёння вываліліся з завітушкі з карыцай. Спачатку падалося, што, можа, перац, але потым адзін упаў і пакатаўся са гукам, і тут стала зразумела, што гэта не перчык. Вельмі падобныя на шарыкі падшыпніка, — напісала дзяўчына ў сваім допісе.

Прадстаўнікі гандлёвай сеткі «Еўраопт» аператыўна адрэагавалі ў каментарыях, паабяцаўшы правесці службовую праверку. Пра яе вынікі пакуль не паведамляецца, але выпадак прыцягнуў увагу ўрачоў-гігіеністаў, якія 23 сакавіка ацанілі сітуацыю ў краме.

Паводле яе вынікаў абсталяванне кандытарскага цэха было прызнана спраўным. Аднак для надзейнасці спецыялісты выклікалі тэхнічную групу для афіцыйнай высновы.
Адначасова ў краме выявілі парушэнні санітарнага заканадаўства. За гэта да адказнасці прыцягнуць службовую асобу.
Цвіль у рыбе
Не пашанцавала і пакупніцы крамы Green на вуліцы Брацкай, 18. У набытай рыбе яна выявіла цвіль.
«Гэта не першы выпадак, калі ў гэтай сетцы натыкаюся на неякасную прадукцыю ў астуджальных аддзелах. Праблема пратэрмінаваных і залежалых тавараў застаецца актуальнай», — напісала жанчына.

Спецыялісты праверылі краму 23 сакавіка. Умовы захоўвання рыбнай прадукцыі не парушаліся.
Аднак для лабараторных даследаванняў адабралі пробы аналагічнай рыбы гарачага вэнджання ад розных вытворцаў. Вынікі стануць вядомыя пазней.
Ласось не такі, як на карцінцы
Іншая мінчанка заказала ў «Гіппа» атлантычнага ласося па акцыі, але прывезеная рыба аказалася зусім не такой, як на карцінцы. Абураны допіс набраў больш за 620 тыс. праглядаў і трапіў у СМІ.

З пакупніцай звязаліся прадстаўнікі крамы.
«Фота тавару паабяцалі замяніць або ўвогуле прыбраць, дададуць у апісанне памер тушкі, стэйкі забралі і прапанавалі замену тавару, якая сапраўды адпавядае заяўленаму на фота. За вырашэнне пытання і прынесеныя выбачэнні стаўлю краме 100/10!» — напісала дзяўчына.