26 сакавiка 2026, Чацвер, 13:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка падумаў, што Мадура яшчэ нядрэнна ўладкаваўся

7
Лукашэнка падумаў, што Мадура яшчэ нядрэнна ўладкаваўся
Ніколас Мадура

Бо могуць прыляцець не верталёты.

Джон Коул патлумачыў прычыны раптоўнага гаранцкага гуманізму. Сказаў, што на гаранта на зыходзе вялікае ўражанне зрабілі непрыемнасці, якія здарыліся з сябрам Мадуры і гуманістам Хаменеі.

Не тое каб гэтае тлумачэнне стала вялікім сюрпрызам. Мы, уласна, якраз так тут і думалі. Але заўсёды прыемна пераканацца, што думалі не дарма.

Ну, то бок, уяві сабе: хтосьці і так ужо сядзіць уражаны па самыя вушы. Бо спачатку цябе ўражваюць верталётамі, што прыляцелі па Мадуры. Потым ты разумееш, што Мадура яшчэ нядрэнна ўладкаваўся. Што бывае і горш. Што па цябе верталёты наўрад ці прыляцяць, бо верталётам занадта далёка ляцець.

І ў гэты цяжкі псіхалагічны момант спецыяльны пасланнік Трампа кажа яму: «ты цяпер адзіны, хто застаўся за сталом дрэнных хлопцаў, таму табе лепш быць асцярожным». Я нават дапускаю, што Коул проста так жартаўліва пажартаваў. Такі спецыяльны адвакатскі гумар.

Але камусьці было зусім не да смеху. Бо хтосьці, у прынцыпе, у гэтым сэнсе уразлівы чалавек. А ад такіх жартаў можна і гарэлкай падавіцца.

Таму такія жарты трэба казаць часцей. Бо ад стратэгіі «не злаваць дзеда» карысці няма нікому, акрамя самога дзеда. А калі дзеда крыху напалохаць, дык, бачыш, нават ад яго можа быць нейкая карысць. Атрымліваецца, што такія жарты вельмі спрыяюць павышэнню ў гаранта на зыходзе ўзроўню гуманізму, міралюбства і схільнасці да кампрамісаў.

І, як я разумею, за год перамоўнага працэсу амерыканскія партнёры разабраліся ў гэтых фізіялагічных асаблівасцях арганізма гаранта. Таму яны, у адрозненне ад некаторых добрых людзей, гаранта не пераацэньваюць.

Яны яго ўвогуле не надта высока ацэньваюць. Каб ацэньвалі высока, дык Коул не стаў бы ўсім запар распавядаць гэтыя пікантныя падрабязнасці перамоўнага працэсу. І Меланія Трамп не стала б называць ілжывымі інсінуацыямі фантазіі гаранта на зыходзе пра тое, як яна прасіла яго заступіцца за ўкраінскіх дзяцей.

Дык што тэлевізару цяпер даводзіцца, вядома, вельмі моцна старацца. Такіх старанных фантазій у тэлевізары я ўжо даўно не бачыў. Напрыклад, пра тое, як хтосьці дазволіў амерыканцам зняць яму санкцыі з яго калійных угнаенняў. Бо без яго дазволу амерыканцы са зняццем сваіх санкцый не справіліся б.

Ці пра выдатную ролю гаранта ў блізкаўсходнім урэгуляванні. Там, праўда, нічога не ўрэгулявалі, але роля гаранта ў яго ў тэлевізары ўсё роўна моцна выдаецца.

А што рабіць? Тэлевізару ж трэба паказаць, што іх гарант — арол. А як ты гэта пакажаш, калі гэтага арла з-пад лаўкі не відаць? Таму, як ні старайся, а на арла гарант на зыходзе ўсё адно не падобны.

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках