У Літву з Беларусі вярнулі 100 затрыманых грузавікоў
- 26.03.2026, 10:57
- 1,362
Большасць кіроўцаў — грамадзяне Беларусі.
100 раней затрыманых грузавых аўтамабіляў былі вернутыя з Беларусі ў Літву, паведамляе LRT са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва Elta.
Паводле крыніцы, 45 фур перасеклі мяжу праз пункт пропуску Медзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог), яшчэ 55 — праз Шальчынінкай (Беняконі).
Прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (СОГГ) Гедрюс Мішуціс паведаміў, што большасць кіроўцаў — грамадзяне Беларусі, якія маюць від на жыхарства ў Літве.
Першыя грузавікі прыбылі ў Літву 24 сакавіка а 5-й гадзіне раніцы.
Паводле звестак на пачатак снежня ў Беларусі заставалася 185 літоўскіх фур. Першапачаткова з тэрыторыі краіны не выпускалі 1100 грузавікоў. Ім забаранілі выезд пасля таго, як Літва часова закрыла мяжу з Беларуссю з-за метэазондаў з кантрабандай, якія ляцяць з Беларусі.
Варта адзначыць, што Літва кансультавалася з ЗША наконт вяртання сваіх фур, захопленых рэжымам Лукашэнкі.