Украіна канчаткова развітваецца з СНД
8- 26.03.2026, 10:12
- 4,140
Кіеў скасоўвае 116 міжнародных пагадненняў.
Кабінет Міністраў Украіны спыніў дзеянне 116 міжнародных пагадненняў з Расіяй, Беларуссю і ў межах СНД, працягваючы курс на поўны разрыў з савецкай дагаворнай спадчынай. Пра гэта паведамляе міністр замежных спраў Андрэй Сыбіга.
Міністр заявіў, што прававая база краіны павінна адпавядаць умовам вайны і новай сістэме бяспекі ў Еўропе. Паводле яго слоў, для гэтага неабходна канчаткова разарваць юрыдычныя сувязі, якія раней звязвалі Украіну з РФ, Беларуссю і СНД.
Згодна з рашэннем урада, Украіна спыніла дзеянне 25 пагадненняў, дэнансавала яшчэ 3 і выйшла з 88 міжнародных дагавораў. У прыватнасці, 5 з іх тычыліся Расіі, 23 — Беларусі, 87 — фармату СНД, а адзін быў трохбаковым пагадненнем паміж Украінай, Расіяй і Беларуссю.
Сыбіга адзначыў, што гэты працэс складаны і патрабуе паслядоўнай юрыдычнай працы. Ён таксама падкрэсліў, што такія крокі накіраваныя на прывядзенне заканадаўства Украіны ў адпаведнасць з бягучымі рэаліямі і новай архітэктурай бяспекі ў Еўропе.