На МКАД будуць выязджаць толькі легкавыя аўто
- 26.03.2026, 7:26
- 4,660
Як гэтага дасягнуць.
У сталіцы хочуць знізіць нагрузку на МКАД і цэнтр горада. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на старшыню Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава.
З-за недасканаласці дарожных зносін жыхары некаторых раёнаў вымушаныя выязджаць на МКАД або ў цэнтр горада, каб дабрацца да пункта прызначэння.
І гэта ўжо прыводзіць да коркаў, адзначыў «мэр».
Каб пазбавіцца ад затораў на дарогах, мінскія ўлады прыступаюць да рэалізацыі маштабнага праекта. Ён дазволіць вырашыць некалькі праблемаў у арганізацыі аўтатранспарту.
Мікрараёны Каменная Горка і Лебядзіны злучыць пуцеправод Калеснікава — Ціміразева. Работы па яго будаўніцтве ўжо пачаліся.
«Пакуль стрымлівальнымі фактарамі з'яўляюцца выхад з зімы і тэхнічная немагчымасць пераносу ўсіх падземных камунікацый», — распавёў дырэктар ДП «Гордорстрой» Сяргей Панеў.
Але дзякуючы міжацяпляльнаму сезону асноўныя магістральныя сеткі цеплазабеспячэння ўдасца перанесці, атрымаецца пераключыць і электрасеткі. Тады і пачнуцца поўнамаштабныя работы, адзначыў Панеў.
Агульная даўжыня пуцеправода — каля 290 м.
У асноўным рух будзе ажыццяўляцца па трох палосах у кожным напрамку. Іх колькасць павялічыцца толькі ў месцах скрыжаванняў, у залежнасці ад прыярытэту напрамкаў.
Першыя пралётныя канструкцыі плануюць узвесці ўжо ў маі—чэрвені 2026 года.
Таксама ў Мінску вырашылі падаўжыць вул. Чурлёніса і пабудаваць пуцеправод праз чыгунку на вул. Каржанеўскага.
Такім чынам мясцовыя ўлады плануюць злучыць Маскоўскі і Кастрычніцкі раёны.
«Мы плануем завяршыць праектаванне да канца года і прыступіць да будаўніцтва ў наступным годзе», — распавёў Кухараў.
З дапамогай падобнага плана злучаць Кастрычніцкі і Ленінскі раёны. Каб гэта зрабіць, вул. Сярова вырашылі падаўжыць, а праз чыгунку — пабудаваць пуцеправод з выхадам на вул. Шпілёўскага.
Падаўжаць і вул. Станіслава Манюшкі, таксама ўзвядуць мост праз Свіслач да вул. Малініна.
Завяршальным этапам стане пашырэнне вул. Шырокай.
«Думаю, гэта створыць больш зручныя ўмовы для руху і лагістычныя ланцужкі, якія дапамогуць жыхарам выбіраць аптымальныя маршруты па Мінску і значна знізяць нагрузку на цэнтр горада і кальцавую дарогу», — падкрэсліў Кухараў.
Кальцавую дарогу збіраюцца разгрузіць і ад грузавых аўто.
Пад Мінскам ужо будуюць пад'ездную дарогу ад МКАД-2 да прамысловага вузла «Калядзічы».
Такім чынам, вялікагрузныя аўтамабілі змогуць заязджаць у прамысловы вузел і не рухацца па МКАД.
Злучаць і вул. Свіслацкую і Селіцкую ў мікрараёне Шабаны. Дзякуючы перамычцы грузавікі змогуць выехаць на дарогу М-5, а потым накіравацца на МКАД-2.
Усё гэта павінна разгрузіць МКАД, пасля гэтага туды амаль што будуць выязджаць толькі легкавыя машыны.