Уладзімір Зяленскі: Жыве Беларусь!
3- 25.03.2026, 22:12
- 2,338
Прэзідэнт Украіны павіншаваў беларусаў з Днём Волі па-беларуску.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі апублікаваў у сацсетцы Х віншаванне беларусаў з галоўным нацыянальным святам — Днём Волі. І зрабіў гэта па-беларуску.
«Сёння дзень, які ведае кожны беларус, — Дзень Волі. І гэта дзень народа, які яшчэ павінен высцярпець і здабыць для сябе сапраўдную незалежнасць і рэальную бяспеку.
Беларусь прайшла няпростыя павароты гісторыі, і тое, што ўвагі Еўропы для Беларусі не хапіла ў ключавыя моманты, — гэта факт. Але Беларусь нельга губляць. І дакладна не варта пакідаць без увагі народ Беларусі.
Тое, што Лукашэнка выбраў менавіта гэты дзень для паездкі ў Пхеньян — падалей ад свайго народа і пабліжэй да сваёй мары пра пажыццёвую сямейную ўладу, — вельмі красамоўна сведчыць пра яго намеры.
Еўропа — гэта супольнасць свабодных народаў. Тут не павінна быць месца спадчынным дыктатурам. Тут не павінна быць месца рэжымам, якія зарабляюць на гандлі суверэнітэтам і на дапамозе ў тэрыры і агрэсіях.
Свету патрэбны мір. А значыць, свабода патрэбная ўсім еўрапейскім народам без выключэння. Жадаем волі беларускаму народу і дзякуем тым беларусам, якія стаяць побач з украінцамі ў абароне ад расійскай агрэсіі.
Жыве Беларусь!», — напісаў Уладзімір Зяленскі.