25 сакавiка 2026, Серада, 23:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі завяршыліся ваенныя вучэнні

У Беларусі завяршыліся ваенныя вучэнні

Да трэніровак прыцягнулі больш за 6000 ваеннаабавязаных.

У беларускай арміі завяршыліся комплексныя вучэнні з войскамі Заходняга аператыўнага камандавання, паведаміла ВоенТВ. Да трэніровак прыцягнулі больш за 6000 ваеннаабавязаных.

Завяршальны дзень комплексных вучэнняў з войскамі Заходняга аператыўнага камандавання прайшоў 25 сакавіка. Да гэтага сем сутак вайскоўцы займаліся манеўрамі, ужывалі розныя артылерыйскія і ракетныя сістэмы, вялі баявыя стральбы, актыўна выкарыстоўвалі FPV-дроны і сродкі радыёэлектроннай барацьбы.

Паводле слоў начальніка Генеральнага штаба Павела Мураўейкі, асноўная мэта дасягнута — то бок праверана гатоўнасць і здольнасці войскаў выконваць задачы па абароне краіны. Аднак ёсць і няўдачы — планавалі як мінімум у два разы скараціць тэрміны падрыхтоўкі абарончай аперацыі, але гэта не ўдалося:

«На жаль, дасягнуць дадзенага паказчыка нам не ўдалося, але вынік у скарачэнні часавых параметраў на 40–60% мы дасягнулі, і гэта дае інфармацыю для роздуму, а таксама неабходнасць далейшай карэкціроўкі алгарытмаў і спосабаў падрыхтоўкі да вядзення баявых дзеянняў».

Начальнік Генеральнага штаба адзначыў «высокую зацікаўленасць і высокі ўзровень падрыхтоўкі» ваеннаабавязаных, выкліканых павесткамі, — іх цяпер у войсках больш за 6000.

«Лічу, што мэты вучэння дасягнуты ў поўным аб'ёме, задачы выкананы на высокім, якасным узроўні. Але ў напружанай абстаноўцы, што складаецца каля межаў Беларусі, ды і ў свеце ў цэлым, мы ні ў якім разе не павінны зніжаць тэмпы ў пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі нашай краіны. Як часта гаворыць прэзідэнт і мы гэта чуем: ні ў якім разе нельга паслабляцца», — заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін.

Паралельна цяпер у краіне праходзяць трэніроўкі па кіраванні фарміраваннем тэрытарыяльных войскаў, а таксама ідзе прызыў на тэрміновую службу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках