Андрэй Войніч: Усё залежыць ад саміх беларусаў
1- 25.03.2026, 15:51
Наша Воля і Свабода — у нашых руках.
Экс-палітвязень, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Войніч на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» павіншаваў беларусаў з Днём Волі:
Дык вось, сябры, сёння самае беларускае свята з усіх, а менавіта наш любімы Дзень Волі!
Наша Воля, наша Свабода — гэта перадусім наша асабістая, унутраная беларуская справа, ніхто, акрамя нас саміх, не павінен нам іх вяртаць. Ні ЗША, ні ЕС, ні нейкі там караткевічскі міфічны патэнцыйны «дзядзька» не прыйдуць замест нас, беларусаў, бо не павінны. Максімум — крыху паспрыяюць, падкажуць нешта, падставяць плячо.
Сёння хачу павіншаваць усіх беларусаў увогуле. Усюды, па ўсім свеце. Усіх, хто застаецца беларусамі, салідарнымі, спагадлівымі, непахіснымі і мэтанакіраванымі, тых, для каго Беларусь вышэй за ўсё!
Асабліва хлопцаў, якія сёння ваююць на баку Украіны, знішчаючы путлераўскую чуму дзеля будучай Свабоды не толькі Украіны, але і Беларусі. Гэтую ахвярнасць нельга вымераць медалямі і ордэнамі, іх самаадданасць — будучыня нашых дзяцей у нашай Беларусі!
Усім здароўя і не апускаць рук!
Жыве Беларусь!
Слава Украіне!