25 сакавiка 2026, Серада, 16:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскія дэпутаты: Над вольным Мінскам зноў будзе развявацца нацыянальны сцяг

4
Украінскія дэпутаты: Над вольным Мінскам зноў будзе развявацца нацыянальны сцяг

У Вярхоўнай Радзе Украіны павіншавалі беларусаў з Днём Волі.

У Вярхоўнай Радзе Украіны падчас пленарнага пасяджэння дэпутаты павіншавалі беларусаў з Днём Волі.

«25 сакавіка Вольная дэмакратычная Беларусь адзначае Дзень Волі — 108‑ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якая стала першым гістарычным крокам беларускага народа да ўласнай дзяржаўнай суб'ектнасці. Гэта імгненне працягвалася нядоўга, але яно назаўсёды засталося ў гісторыі. Дзень Волі — гэта напамін пра тое, што імкненне да свабоды з'яўляецца неад'емнай часткай беларускай ідэнтычнасці», — гаворыцца ў заяве.

Парламентарыі паведамілі, што сёння Беларусь жыве ва ўмовах падвойнай акупацыі: рэжыму Лукашэнкі і з боку Расіі, якая ператварыла Беларусь у плацдарм для знішчэння Украіны.

«У адпаведнасці з нормамі міжнароднага гуманітарнага права, Беларусь з'яўляецца акупаванай тэрыторыяй. Гэта юрыдычны факт, рэгламентаваны артыкуламі 42 Гаагскай канвенцыі і 2 Жэнеўскай канвенцыі. Украіна — першая дзяржава, якая абавязаная зрабіць гэтую выснову афіцыйнай. Падтрымліваючы дыпламатычныя адносіны з Мінскам, мы легітымізуем рэжым, які забівае нашых грамадзян. Пара пакласці гэтаму канец», — гаворыцца ў заяве.

Дэпутаты падкрэсліваюць, што ёсць іншая Беларусь — і яна змагаецца.

«У гэты дзень мы з асаблівай удзячнасцю схіляем галовы перад байцамі палка імя Кастуся Каліноўскага, якія з першых дзён поўнамаштабнага ўварвання абараняюць украінскую зямлю на самых гарачых участках фронту. Яны абараняюць ідэю, дзеля якой мы ваюем: лёс народа нельга навязаць сілай — яго вызначаюць тыя, хто гатовы за яго стаяць. Іх адвага на полі бою даказвае тое, што мы дэкларавалі заўсёды: свабода Украіны і свабода Беларусі — непадзельныя. Сапраўдная незалежнасць Беларусі будзе здабытая ў тым ліку на гэтай вайне», — гаворыцца ў заяве.

Дэмакратычная змена ўлады ў Мінску — гэта пытанне бяспекі ўсяго рэгіёна, пішуць парламентарыі.

Міжфракцыйнае дэпутацкае аб'яднанне Вярхоўнай Рады Украіны «За дэмакратычную Беларусь!» заклікае разарваць дыпламатычныя адносіны з рэжымам Лукашэнкі; афіцыйна прызнаць Беларусь тэрыторыяй, акупаванай Расіяй; перадаць памяшканне пасольства Рэспублікі Беларусь у Кіеве дэмакратычным прадстаўнікам беларускага народа, а міжнародную супольнасць — узмацніць санкцыйны ціск на рэжым.

«Мы верым, што хутка над вольным Мінскам зноў будзе развявацца бела-чырвона-белы нацыянальны сцяг, а мяжа паміж нашымі краінамі стане мяжой паміж двума свабоднымі еўрапейскімі нацыямі.

Жыве Беларусь! Слава Украіне!» — гаворыцца ў заяве.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках