Беларусаў на два дні «адключылі» ад знешняга інтэрнэту
7- 25.03.2026, 13:40
- 4,744
Улады спалохаліся Дня Волі.
У Беларусі з 20:00 24 сакавіка да 08:00 26 сакавіка абмяжуюць доступ да сайтаў на віртуальным хостынгу за мяжой. Пра гэта папярэдзіў правайдар HB.BY.
Паводле інфармацыі кампаніі, Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь зафіксаваў пагрозу дэструктыўных уздзеянняў у кіберпрасторы. Згодна з Указам Прэзідэнта № 40 «Аб кібербяспецы», хостынг-правайдары абавязаныя прыняць меры абароны.
Для карыстальнікаў унутры краіны сайты будуць даступныя ў звычайным рэжыме. Аднак рэсурсы, якія выкарыстоўваюць знешнія інтэграцыі — плацёжныя сістэмы, API замежных сэрвісаў або знешнія віджэты — могуць працаваць нестабільна ў пазначаны перыяд.
Дзеянні ўладаў прыурочаныя да Дня Волі — свята абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, якое стала сімвалам супраціву рэжыму Лукашэнкі.