Мікалай Статкевіч павіншаваў беларусаў з Днём Волі
20- 25.03.2026, 8:20
- 6,322
Беларусь будзе вольнай.
Лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч павіншаваў беларусаў з Днём Волі.
«Віншую ўсіх беларусаў з Днём Волі!
108 гадоў таму Устаўнай граматай Рады БНР наша нацыя заявіла пра сваё жаданне і права на незалежнасць, на сваю дзяржаву.
Без гэтай заявы не было б ні БССР, ні, хутчэй за ўсё, Рэспублікі Беларусь. Не было б, зважаючы на мэтанакіраваную імперскую палітыку русіфікацыі, і самой нашай нацыі. Рада БНР скарыстала свой гістарычны шанец, але, на жаль, не да канца. У той крывавы час выжыванне новай дзяржавы, нават яе дыпламатычнае прызнанне моцнымі дзяржавамі, залежалі ад наяўнасці ў яе значнай вайсковай сілы.
На жаль, бацькі-асноўнікі БНР не здолелі арганізаваць такую сілу. Не ўдалося перакінуць на радзіму з Румынскага фронту беларускі корпус, сфармаваны ў складзе Расійскай арміі з беларусаў, што ваявалі ў ёй. Гісторыя вучыць. Важна крытычна ацэньваць яе ўрокі і рабіць з іх правільныя высновы. Каб Беларусь не знікла, каб наша краіна жыла.
Я ўпэўнены — Беларусь будзе вольнай!
З святам, сябры!», — напісаў палітык.