На аўтарынку Беларусі б’юць трывогу
25- 24.03.2026, 20:17
- 23,026
«Перакупшчыкі» ўшчамляюць дылераў?
Прыватны імпарт аўтамабіляў у Беларусь адбірае долю рынку ў афіцыйных дылераў. Пра праблему распавялі ў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА).
Усяго за першыя два месяцы 2026-га ў краіну было ўвезена 16,3 тыс. аўто прыватнымі асобамі. Гэта на 11% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. На гэтым фоне афіцыйныя каналы продажу абрынуліся адразу на 57%.
А калі браць даныя за ўвесь 2025-ы, то прыватныя асобы здолелі імпартаваць больш за 100 тыс. аўтамабіляў, з якіх аўтамабілі з рухавіком унутранага згарання склалі 89%, электрамабілі — 5,4%, а гібрыды — 5%.
«Характэрна, што ўвесь аб’ём імпарту прыйшоўся на краіны па-за ЕАЭС — прамыя пастаўкі з саюзных дзяржаў фізічнымі асобамі не ажыццяўляліся», — адзначаюць у БАА.
У выніку аб’ём прыватнага імпарту ў 1,5 раза вышэйшы, чым сукупны аб’ём ўвозу ўсіх юрыдычных асоб і вытворчасць завода «БЕЛДЖИ».
І гэта яшчэ не ўсё. На справе фізічнымі асобамі для асабістага карыстання імпартуецца толькі трэцяя частка аўтамабіляў, тады як астатнія дзве траціны ўвозяць «перакупшчыкі» і перапрадаюць гэтыя аўто на працягу некалькіх месяцаў.
«Гэта сведчыць пра тое, што прыватны ўвоз перастаў быць інструментам асабістага спажывання і ператварыўся ў масавы, некантралюемы камерцыйны канал. Такая сітуацыя наўпрост перашкаджае рэалізацыі стратэгіі развіцця завода «БЕЛДЖИ» і ставіць пад пагрозу стабільнасць працы афіцыйных дылераў», — папярэджваюць у асацыяцыі.
Эксперты высветлілі, што на цяперашнюю сітуацыю паўплывалі два фактары. Першы — крытычны разрыў у стаўках утылізацыйнага збору. Юрыдычныя асобы за імпарт плацяць у разы больш, чым звычайныя людзі.
Другая прычына — актыўнае прымяненне льгот паводле ўказа №140 ад 10.04.2019 пры ўвозе аўтамабіляў, якія ў далейшым накіроўваюцца на перапродаж.
У БАА лічаць, што ўплыў «шэрага» рынку стаў крытычным. Сітуацыю трэба выраўняць, але, як падкрэслілі ў асацыяцыі, без скарачэння льгот для фізічных асоб, якія сапраўды ўвозяць аўто для асабістага карыстання.