Статкевіч пра палітыкаў-ждуноў
37- Мікалай Статкевіч
- 23.03.2026, 18:52
- 26,188
Цудоўныя перамены не адбудуцца самі сабой.
Лідар беларускай апазіцыі, вызвалены на волю палітвязень Мікалай Статкевіч у сваім тэлеграм-канале рэзка раскрытыкаваў палітыкаў, мэтай якіх з'яўляецца не змена рэжыму Лукашэнкі, а толькі імітацыя барацьбы:
— Што тычыцца самазваных «лідараў рэвалюцыі», праблема не ў самазванцах, а ў тым, што ў агульнанацыянальным маштабе лідэраў пратэстаў увогуле не было. Вядома, былі рэгіянальныя лідары і кандыдаты пратэсту з той жа «Народнай Грамады», актывісты «Еўрапейскай Беларусі», з анархістаў, з футбольных фанатаў, з дваравых чатаў. Былі людзі, якія бралі на сябе лідарства ў канкрэтных сітуацыях, потым тыя з іх, якія не пакінулі краіну, трапілі пад пераслед. Наш каардынатар па Пінску Мікалай Клімовіч загінуў у турме.
Але пасля арышту некалькіх вядомых людзей з кіраўніцтва Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, агульнанацыянальнага кіравання пратэстамі не засталося. Было тэхнічнае кіраванне папулярных тэлеграм-каналаў — дзе збірацца, куды ісці. І людзі яму падпарадкоўваліся, таму што былі зараджаныя на пратэст.
Але лідарства са стратэгіяй, мэтамі, патрабаваннямі, клопатам пра бяспеку ўдзельнікаў пратэстаў не было. Нават, чамусьці, людзям не данеслі простую рэкамендацыю выходзіць на акцыі ў медыцынскіх масках, што ратавала б не толькі ад кавіду, але і ад рэпрэсій.
Ніхто з іншых кандыдатаў і палітыкаў не быў арыентаваны на пратэст. Там панавалі іншыя арыентацыі і мэты. Аднойчы адзін аналітык вельмі трапна заўважыў, што беларуская апазіцыя, за рэдкім выключэннем, змагаецца не за ўладу, а за месца ў чарзе па ўладу. З наіўнай надзеяй, што калі рэжым нейкім цудоўным чынам знікне, то ўладу атрымаюць тыя, хто стаіць першымі ў той чарзе.
А, каб атрымаць гэта месца, найбольш прыдатны спосаб — паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх «выбарах», набыць вядомасць (яны называюць гэта — «раскруціцца»), нейкі рэйтынг, але ні ў якім разе не сесці ў турму. А потым, заняўшы пачэснае месца ў чарзе, сустракацца з замежнымі палітыкамі, атрымліваць падтрымку і чакаць, пакуль рэжым неяк сам знікне і іх паклічуць да ўлады. Я называю такіх палітыкаў ждунамі. Прыклад для іх — адна кандыдатка на «выбарах» 2015 года, дзе яна іграла ролю апазіцыі. Пасля «выбараў» фактычна прызнала сваю паразу, на Плошчу не клікала і не запярэчвала супраць перамоў з рэжымам. Толькі вось сваю партыю яна так і не здолела стварыць. І прымалі яе па ўсёй Еўропе. А з Берліна нават хацелі зрабіць яе лідаркай усёй апазіцыі.
Мікалай Статкевіч даў ацэнку палітыкам, што з’явіліся ў Беларусі на хвалі рэвалюцыі:
— Такія ждуны былі і ў 2020 годзе. Дайходзіла да таго, што ідзе кандыдат на «выбары» і ўтойвае сваё стаўленне нават да незалежнасці, да праблем беларускай мовы, да будучых саюзаў Беларусі. Відаць, каб не звязваць сабе рукі ў будучым гандлі імі, а пры гэтым яшчэ і хлусіць, што гаварыць пра гэта, згодна з выбарчым заканадаўствам, забаронена.
Дзіўна, што нягледзячы на гэта, яго гарача падтрымала нацыянальна арыентаваная інтэлігенцыя. Хаця што тут дзіўнага — прычына звычайная і банальная, як і ў электарату Мадуры. Яшчэ, на пытанне пра яго рэакцыю на магчымыя фальсіфікацыі ён адказваў, што ўпэўнены ў тым, што Ярмошына правільна падлічыць усе галасы. Нібыта іронія, а які працэнт беларусаў зразумеў гэта як іронію? Думаю, што меншасць. Стратэгія зразумелая — быць такім белым і пушыстым на фоне страшных радыкалаў-нацыяналістаў. А далей па спісе: раскруціцца і г. д.
Адно не ўлічыў, што сітуацыя іншая, улада адчувае сябе на порахавай бочцы, баіцца. І ад страху, крыху што, хапаецца за дубіну. А такіх «хітрых» там бачаць навылёт, таму што самі такія ж, і ў тыле не пакідаюць.
У выніку, кандыдат апынуўся ў зняволенні, бо «раскруціцца» ў Беларусі цяпер дазволена толькі балерынам.
Таму нават такі, звышасцярожны стыль не праходзіць. Але яго прыклад дзейнічаў, прынамсі, на чальцоў каманды таго кандыдата. У мяне ў Жодзінскім СІЗА пэўны кароткі час у камеры быў тэлевізар. Я кожны вечар глядзеў на расійскім РТР перадачу, у якой часта былі матэрыялы пра пратэсты ў Беларусі.
І бачыў, як журналісты канала літаральна шукалі лідара шматлюднага пратэсту. І вось аднойчы яны звярнуліся да маладой жанчыны з каманды таго асцярожнага кандыдата, якая была адным з твараў выбарчай кампаніі Ціханоўскай і якая пазней паказала сябе мужнай і годнай, з пытаннем: навошта сабраліся тут людзі.
Вось зорная хвіліна для любога палітыка — проста скажы агульную фразу кшталту «каб дабіцца сапраўдных выбараў» і ты ў вачах Беларусі і ўсяго свету становішся адзіным бесспрэчным лідарам шматтысячнага пратэсту. Але ўрокі і прыклад кіраўніка яе каманды былі зусім іншымі. І яна адмовілася ад лідарства, адказаўшы, што «проста гуляе».
Далей не дала сябе прымусова дэпартаваць і таксама прайшла праз турэмнае пекла. Карацей, як некалі казаў Марк Аўрэлій: «праблема ў тым, што, не рызыкуючы, мы рызыкуем у сто разоў больш». І цяжка тут не пагадзіцца з імператарам-філосафам.
Праўда, некаторыя ждуны выбралі яшчэ больш асцярожную стратэгію — гучна заявіць пра сваю пазіцыю і «мужна кінуцца наўцёкі». Каб за мяжой працягваць барацьбу за месца ў чарзе. Павінен іх расчараваць — новую ўладу сфармуюць не з вашай чаргі, а тыя, хто прыбярэ старую. Так бывае заўсёды. Але ёсць вялікая верагоднасць, што фармаваць яе будуць у Маскве. А прэтэнзіі на лідарства ў краіне, якая знаходзіцца пад пастаяннай пагрозай страты незалежнасці, патрабуюць пэўнай здольнасці да самаахвярнасці.
Вы ўявіце, што магло б здарыцца з Украінай, калі б яе лідар 4 гады таму збег з Кіева.
Яшчэ некалькі слоў пра стратэгію БНК. У ёй было і слабое месца. Збіраць людзей мы хацелі на пікетах па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў пратэсту. У знак салідарнасці з адміністрацыйна арыштаваным кандыдатам пратэсту Сяргеем Ціханоўскім, якому не далі магчымасці нават падаць дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата, мы падтрымалі вылучэнне ягонай жонкі Святланы. Калі ж Сяргея вызвалілі, мы па ўзгадненні з ім праводзілі мітынгі на пікетах па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай. Калі Сяргея зноў арыштавалі ўжо па крымінальнай справе, мы зрабілі пікеты Святланы асноўным месцам правядзення такіх мітынгаў. Хоць былі і мітынгі на пікетах іншых кандыдатаў пратэсту. Колькасць удзельнікаў мітынгаў расла ў геаметрычнай прагрэсіі. Нягледзячы на арышты лідараў БНК, рэгіянальныя лідары, як і было задумана, працягвалі арганізоўваць мітынгі на пікетах Ціханоўскай.
Мы планавалі да канца чэрвеня давесці колькасць іх удзельнікаў да тых 3,5%, якія даследчыкі лічаць неабходнымі для перамогі працяглага мірнага пратэсту. Але потым здарылася нечаканае. Святлана Ціханоўская выступіла з заявай, сказала пра пагрозы ў яе бок і заклікала не выходзіць на мітынгі на яе пікетах, бо гэтыя мітынгі — «правакацыя ўладаў». Гэта заява была распаўсюджана сеткай рэгіянальных відэаканалаў «Краіна для жыцця», створанай Сяргеем Ціханоўскім, ва ўсіх значных гарадах. Мітынгі на пікетах у рэгіёнах перапыніліся.
Да таго ж, была скампраметавана ўся сетка пратэсту, якую мы стварылі. Яе рэгіянальныя лідары былі не проста пакрыўджаныя і дэзарганізаваныя. Іх яшчэ зрабілі правакаратарамі ўлады ў вачах іх землякоў. Павінен аддаць належнае ўладам — удар па пратэстах быў нанесены вельмі магутны і трапны.
Я разумеў, што Святлана — чалавек новы і нявопытны. Але я спадзяваўся, што яна зможа проста прамаўчаць, бо больш ад яе нічога і не патрабавалася. Але не змагла. Не ведаю, што прымусіла яе пайсці на гэта, што ёй абяцалі, чым пагражалі.
І мая доля віны ёсць у гэтым, таму што я сам прапанаваў ёй вылучацца па схеме «жонка замест мужа», якую прыдумаў для іншага чалавека, але з-за таго, што яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі, не рэалізаваў. Прапаноўваў па тэлефоне, не паглядзеўшы ў вочы, не адчуўшы чалавека.
Нашы шанцы на перамогу рэзка паменшыліся. Далей усё пераходзіла ў звыклае і патрэбнае ўладам рэчышча. Выбарчая агітацыйная кампанія, дзе патрэбны дазвол уладаў на мітынгі. А ўлады, адчуўшы настроі грамадства, дазволы не давалі. Чаканы афіцыйны вынік на выбарах і эміграцыя. Нечаканым для многіх, але не для нас, быў толькі масавы пратэст беларусаў, якія не пагадзіліся з чарговым падманам.
Вось тады мы і пабачылі на вуліцах многія сотні тысяч пратэстоўцаў і пабачылі іх эфект — сумятня і разгубленасць уладаў, нават выбачэнні. Потым былі ўпартныя, мужныя і годныя, але значна менш шматлюдныя акцыі, якія мелі маральнае, палітычнае, гістарычнае і міжнароднае значэнне, аднак ужо не маглі прывесці да змены сітуацыі. Потым пачалася ўладная масавая помста за перажыты страх і выкліканая ёй і прыкладам «лідараў» масавая эміграцыя. Дык што «лідарства» самазванцаў усё ж было, але толькі ў гэтым.
Я так шчыра распавядаю пра падрыхтоўку тых падзей і нашы дзеянні, бо гэта важна — разумець падзеі і ролі розных асобаў і арганізацый у іх. Каб не хадзіць па вечным коле, кожны раз робячы падобныя памылкі.
Я не хачу толькі крытыкаваць. Урэшце, мы паказалі ўсяму свету, што ёсць беларуская нацыя, гатовая змагацца за свабоду, што цяпер павінны ўлічваць тыя, хто раней бачыў у нас толькі дэмаграфічны матэрыял для сябе, а кіроўны рэжым пазбаўлены легітымнасці. Людзі, якія аказаліся ў эміграцыі, арганізоўвалі акцыі з патрабаваннямі вызвалення палітвязняў. Збіралі са сваіх не вельмі вялікіх даходаў грошы на дапамогу вызваленым.
Але цяпер у рэгіёне ідзе вайна. Прыйшоў час падрыхтаваць, забяспечыць рэсурсамі і рэалізаваць план рашучых крокаў па выратаванні краіны ад жахлівых сцэнароў, якія нам навязваюць з Усходу. Ці здольныя на гэта ждуны?
Што да падзей 2020 года, то яны былі для мяне, перш за ўсё, часам з’яўлення беларускай палітычнай нацыі, над чым я працаваў дзесяцігоддзямі, нацыі годнай, мужнай, высакароднай і салідарнай, якой захапляўся ўвесь свет.
Часам з’яўлення цэлага шэрагу новых лідараў, якія самі бралі на сябе ініцыятыву, арганізоўвалі і ўзначальвалі пратэсты, ішлі за гэта ў зняволенне. Прыйдзе час — і ўдзячная вольная Беларусь ушануе іхнія імёны. Я ўпэўнены, што першыя пакаленні кіраўнікоў вольнай беларускай дзяржавы будуць складацца менавіта з гэтых людзей.
Таксама Мікалай Статкевіч звярнуўся да прыхільнікаў перамен у Беларусі і заклікаў іх не быць ждунамі:
— Не спадзявайцеся на цудоўныя перамены самі сабой, на чую-небудзь хваробу, смерць, на Трампа з ракетамі, на «Бога з машыны», які калісьці з’яўляўся ў старажытнагрэцкіх трагедыях і вырашаў усе праблемы. Не будзьце ждунамі. Усё давядзецца вырашаць самім. І неабходныя для гэтага рэсурсы ў нас ёсць. Задача ў тым, каб аб’яднаць усе гэтыя рэсурсы і эфектыўна скарыстацца імі. Я ўжо пісаў пра гэта. Магчыма, мае прапановы камусьці падаліся нерэалістычнымі, бо былі заснаваныя на няпоўнай інфармацыі і не ўлічвалі папярэдні няўдалы досвед. Дык трэба думаць і працаваць, каб зрабіць іх рэальнымі. Бо іншага шляху да вызвалення і захавання нашай краіны ў нас няма. І я веру, што мы зможам, што Беларусь будзе жыць.