Нафтаправод «Дружба» сур'ёзна пашкоджаны
- 19.03.2026, 19:16
- 3,278
Аналіз фота, зробленых са спадарожнікаў.
Спадарожнікавыя здымкі пацвярджаюць высокую верагоднасць сур'ёзнага пашкоджання нафтаправода «Дружба» ў выніку расійскага ўдару. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле Texty.org.
Транзіт нафты быў прыпынены напрыканцы студзеня 2026 года ў выніку расійскай атакі. Венгрыя і Славакія не вераць гэтым заявам і абвінавачваюць Украіну ў штучным спыненні паставак.
Журналісты прааналізавалі спадарожнікавыя фатаграфіі і ацанілі верагоднасць пашкоджанняў.

Так, NASA FRIMS зафіксавала пажар, што адбыўся на наступны дзень пасля ўдару РФ 27 студзеня 2026 года.
Выданне таксама ацаніла магчымыя разбурэнні аб'екта, выкарыстаўшы алгарытм на аснове Sentinel-1. Ён пацвярджае маштабныя разбурэнні аб'екта па стане на 27 студзеня.
Спадарожнікавы здымак ніжэй — гэта звычайная карта-падкладка, падобная да той, якую вы бачыце ў Google Maps, і не адпавядае ўказанай даце. Зоны паражэння абазначаныя фіялетавым колерам паверх карты.

«З-за абмежаванняў магчымасцяў алгарытму мы не можам паглядзець пашкоджанні за канкрэтны дзень або тыдзень. Аднак для параўнання праверылі студзень 2025 года. На леташнім здымку пашкоджанняў практычна няма. Улічваючы, што сур'ёзных пажараў на аб'екце цягам года не было, лагічна меркаваць, што большая частка разбурэнняў прыпадае менавіта на дзень атакі 27 студзеня 2026 года», — адзначылі аўтары.
Журналісты заўважылі, што пэўныя змены на аб'екце фіксаваліся яшчэ на працягу 2025 года — без суправаджальных пажараў паводле дадзеных NASA.
«Патлумачыць іх прычыну мы не можам. Варта нагадаць: алгарытм адсочвае не разбурэнні як такія, а істотныя змены ў стане канструкцый. Большасць такіх змен сапраўды выклікана разбурэннямі, але, напрыклад, устаноўка ахоўных збудаванняў на аб'екце таксама можа іх выклікаць», — падсумавалі ў матэрыяле.
