«Газпром» заявіў пра новыя атакі дронаў Узброеных сіл Украіны
1- 19.03.2026, 18:59
- 1,670
Беспілотнікі атакавалі кампрэсарныя станцыі.
Украінскія беспілотнікі 17–19 сакавіка атакавалі кампрэсарныя станцыі на Кубані, якія забяспечваюць пастаўкі расійскага газу па трубаправодах «Турэцкі паток» і «Блакітны паток», паведамілі ў чацвер у кампаніі «Газпром». Папярэдні раз пра спробы ўдараў па газавай інфраструктуры, якія былі «адбітыя», кампанія паведамляла тыдзень таму, 11 сакавіка, праз два тыдні пасля таго, як Пуцін абвінаваціў Кіеў у імкненні падарваць расійскія пастаўкі ў Еўропу і Турцыю, піша The Moscow Times.
Паводле сцверджанняў дзяржкампаніі, з аўторка па чацвер станцыю «Русская» спрабавалі паразіць 22 БПЛА, яшчэ тры беспілотнікі атакавалі станцыю «Казачья», а станцыя «Береговая» падверглася налёту аднаго дрона. «Сумеснымі дзеяннямі сіл Міністэрства абароны РФ і мабільных аператыўных груп атакі адбіты, пашкоджанняў аб'ектаў ПАО «Газпром» не дапушчана», — заявілі ў «Газпроме». Украіна сваімі дзеяннямі стварае пагрозу для крытычнай інфраструктуры, — заявіў прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў, рэагуючы на інфармацыю дзяржкампаніі.
«Нашы вайскоўцы робяць усё магчымае, каб купіраваць гэтую пагрозу. Але гэта — пагроза для крытычнай інфраструктуры, гэта — пагроза для міжнародных энергетычных маршрутаў», — сказаў ён. Па словах Пяскова, на фоне нестабільнасці, выкліканай вайной супраць Ірана і блакаваннем Армузскага праліва, «безадказныя, бяздумныя дзеянні кіеўскага рэжыму здольныя яшчэ больш дэстабілізаваць сітуацыю не толькі ў рэгіёне, але і ва ўсім свеце».
Да гэтага «Газпром» заяўляў, што тыя ж станцыі ў Краснадарскім краі ў перыяд з 24 лютага па 11 сакавіка «падвергліся атакам 12 разоў», але шкоды ад іх не было. «Турэцкі паток» і «Блакітны паток» перапампоўваюць газ у Турцыю і краіны Паўднёва-Усходняй Еўропы, уключаючы Венгрыю і Сербію.