Разведка ЗША: Пуцін можа пайсці на сутыкненне з НАТА
1- 19.03.2026, 17:48
- 3,356
Эксперты папярэджваюць пра рызыку пашырэння вайны ў Еўропе.
Пуцін, па ацэнцы амерыканскай разведкі, лічыць, што ягоная армія працягвае захопліваць тэрыторыі ва Украіне, таму не бачыць падстаў спыняць вайну. У штогадовым дакладзе разведслужбаў ЗША адзначаецца, што Масква па-ранейшаму разлічвае дамагчыся перамогі на полі бою і навязаць мір на ўласных умовах. Пры гэтым далейшае развіццё канфлікту можа прывесці да яго пашырэння — аж да прамога супрацьстаяння з НАТА і пагрозы для саміх ЗША.
Нягледзячы на тое, што летась тэмпы прасоўвання расійскай арміі былі мінімальнымі за ўсю вайну і нават за больш як стагоддзе, паводле даных вашынгтонскага Цэнтра стратэгіі і міжнародных даследаванняў, Расія захоўвае ваенную перавагу. Пакуль ёй удаецца ўтрымліваць і займаць украінскія тэрыторыі, у Масквы няшмат стымулаў да спынення баявых дзеянняў.
У дакладзе падкрэсліваецца рызыка так званай «эскалацыйнай спіралі», пры якой канфлікт ва Украіне або новы крызіс можа прывесці да прамога сутыкнення з ЗША, уключаючы магчымае прымяненне ядзернай зброі. Разведка лічыць гэта найбольш сур'ёзнай пагрозай, якая паходзіць ад Расіі.
Дадатковую небяспеку ўяўляюць сабой рэгулярныя заявы Масквы пра гатоўнасць ужыць ядзерную зброю, а таксама прымяненне балістычных ракет сярэдняй далёкасці падвойнага прызначэння. Гэта павышае верагоднасць таго, што рэгіянальны канфлікт перарасце ў глабальны.
Эксперты таксама папярэджваюць пра рызыку пашырэння вайны ў Еўропе. Працяг баявых дзеянняў павялічвае верагоднасць як выпадковай, так і наўмыснай эскалацыі да прамога канфлікту паміж Расіяй і НАТА.
У якасці прыкладу прыводзяцца дыверсіі супраць ЗША і іх саюзнікаў у Еўропе, накіраваныя на падрыў падтрымкі Украіны. У прыватнасці, згадваецца інцыдэнт на польскай чыгунцы ў лістападзе 2025 года. Падобныя дзеянні на аб'ектах крытычнай інфраструктуры могуць прывесці да ахвяр, эканамічных страт і збояў у пастаўках узбраення.
Адзін з фактараў, што ўмацоўваюць пазіцыю Масквы, — падтрымка з боку Кітая. Пастаўкі тэхналогій і прадукцыі падвойнага прызначэння дазваляюць Расіі працягваць вытворчасць узбраення. Аднак адначасова ўзмацняецца залежнасць расійскай эканомікі ад Кітая, а таксама нарастаюць праблемы — бюджэтны дэфіцыт і недастатковыя інвестыцыі ў грамадзянскі сектар, што можа прывесці да доўгатэрміновай стагнацыі.
Эканамічнае адставанне Расіі асабліва прыкметнае ў касмічнай сферы, дзе Кітай ужо абышоў яе як галоўны канкурэнт ЗША. Пры гэтым Масква працягвае інвеставаць у ваенныя касмічныя распрацоўкі.
Згодна з дакладам, Расія вядзе распрацоўку спадарожніка, здольнага прымяняць ядзерную зброю супраць іншых касмічных апаратаў. Падобнае разгортуванне супрацьспадарожнікавай ядзернай зброі парушала б міжнародныя абавязацельствы, уключаючы Дамову аб космасе, і ўяўляла б пагрозу для глабальнай бяспекі і спадарожнікавай інфраструктуры.