Расійскі знішчальнік парушыў паветраную прастору НАТА
1- 19.03.2026, 15:27
- 2,702
Су-30 увайшоў у паветраную прастору Эстоніі і не рэагаваў на каманды мясцовых дыспетчараў.
Расійскі знішчальнік Су-30 парушыў паветраную прастору Эстоніі і не рэагаваў на каманды мясцовых дыспетчараў.
Пра гэта паведамляе ERR.
Зазначаецца, што ў сераду, 18 сакавіка, у другой палове дня ў раёне вострава Вайндлоо ў паветраную прастору Эстоніі ўвайшоў расійскі знішчальнік Су-30, які знаходзіўся ў ёй каля хвіліны.
На парушэнне паветранай мяжы адрэагавала падраздзяленне ВПС Італіі, дыслакаванае ў Эмары ў межах місіі НАТА па ахове паветранай прасторы краін Балтыі.
Паводле дадзеных ВПС Эстоніі, у расійскага знішчальніка не было плана палёту і двухбаковай радыёсувязі з эстонскай службай аэранавігацыі.
На фоне інцыдэнту Міністэрства замежных спраў Эстоніі выклікала часовага паверанага ў справах Расійскай Федэрацыі, каб выказаць пратэст і ўручыць ноту ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы.
У Таліне дадаюць, што гэта першае парушэнне паветранай мяжы Эстоніі лятальным апаратам Расійскай Федэрацыі ў гэтым годзе.