FT: На Кубу, якой Трамп учыніў энергетычную блакаду, ідзе груз нафты і газу з РФ
6- 19.03.2026, 13:06
- 2,754
Расія адправіла два танкеры.
На Кубу, якая ўжо тры месяцы фактычна знаходзіцца ў энергетычнай блакадзе з-за эмбарга прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, накіроўваюцца два танкеры з расійскай нафтай і газам.
Пра гэта паведамляе Financial Times.
На наступным тыдні на Кубу павінны прыбыць два судны з расійскай нафтай і газам, якія могуць стаць фактычна першымі пастаўкамі на востраў за тры месяцы ва ўмовах энергетычнага эмбарга Дональда Трампа.
Пра груз стала вядома з дадзеных кампаній, якія адсочваюць марскі рух. Адзін з танкераў — Sea Horse пад сцягам Ганконга, ён везе каля 27 тысяч тон расійскага газу. Даследчая кампанія Kpler прыйшла да высновы, што на самай справе гэта замаскіраванае расійскае судна.
Яшчэ адно судна, «Анатолій Калодкін», ідзе пад расійскім сцягам. На яго борце больш за 720 тысяч барэляў нафты, прыбыццё прагназуюць на 4 красавіка.
Наколькі вядома, апошні раз да гэтага Куба атрымлівала нафту з Мексікі аж 9 студзеня. Пасля гэтага пастаўкі спыніліся пад ціскам Трампа. Нафта з Венесуэлы, якая была асноўным пастаўшчыком на Кубу, недаступная з часу маланкавай аперацыі ЗША і захопу прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура. Уласная здабыча на востраве пакрывае толькі каля 40% патрэб.
У МЗС Расіі раней на гэтым тыдні заявілі пра «непахісную салідарнасць з уладамі і братнім народам Кубы».
Трамп на гэтым тыдні зрабіў шэраг прамалінейных заяваў пра тое, што можа «ўзяцца за Кубу» пасля аперацыі супраць Ірана і што Штаты змогуць «рабіць з востравам усё, што захочуць» з-за цяжкасцяў, абумоўленых там дэфіцытам энергарэсурсаў.