У Расіі вырашылі абмежаваць падлучэнне да сетак 5G
9- 19.03.2026, 12:26
- 2,676
Гэта можна будзе зрабіць толькі праз расійскі «Кузнечык».
Падлучэнне мабільных прылад да расійскіх сетак пятага пакалення (5G) будзе магчыма толькі праз айчынны алгарытм шыфравання NEA 7 («Кузнечык»). Пра гэта сведчыць распрацаваны Міністэрствам лічбавага развіцця Расіі праект патрабаванняў да выкарыстання абсталявання базавых станцый сувязі новага пакалення, з якім азнаёміліся «Известия». Замежныя алгарытмы — еўрапейскі SNOW, амерыканскі AES і кітайскі ZUC — можна будзе выкарыстоўваць у пераходны перыяд, які працягнецца да 2032 года, хоць раней Міністэрства лічбавага развіцця дапускала роўнае выкарыстанне айчынных і замежных рашэнняў.
Алгарытмы шыфравання застаюцца адной з самых вострых праблем пры разгартаванні сетак 5G у Расіі, адзначылі апытаныя выданнем удзельнікі рынку. Паводле іх слоў, выкарыстанне выключна расійскага алгарытму прывядзе да таго, што сеткі пятага пакалення практычна немагчыма будзе разгарнуць, а знайсці сумяшчальныя з імі смартфоны стане надзвычай складана. Калі інтэграваць айчынныя рашэнні ў сеткавае абсталяванне тэхнічна магчыма, то пераканаць сусветных вытворцаў смартфонаў прымяняць іх без фармальнага замацавання ў міжнародных стандартах наўрад ці атрымаецца, адзначыў адзін з суразмоўцаў «Известий».
Стандарт сетак пятага пакалення быў распрацаваны 10 гадоў таму, і ніводная расійская кампанія ў гэтым удзелу не брала, таму алгарытмы шыфравання былі ўзгодненыя без удзелу Расіі, кажа партнёр ComNews Research Леанід Конік. «Можна колькі заўгодна патрабаваць ад замежных вытворцаў сеткавага і карыстальніцкага абсталявання дадаць шыфраванне паводле ГОСТ, але наўрад ці хтосьці на гэта пойдзе. На РФ прыпадае не больш за 2% сусветнага рынку паслуг сотавай сувязі і мабільных прылад, і дзеля такой нязначнай долі ніхто не будзе прыкладаць намаганняў», — адзначыў эксперт.
Адсутнасць смартфонаў, здольных працаваць у расійскіх сетках 5G, прывядзе да таго, што абанентам давядзецца задавольвацца паслугамі 3G або LTE, кажа генеральны дырэктар TelecomDaily Дзяніс Кускоў. Паводле яго слоў, гэта прывядзе да абмежавання доступу да хуткаснага інтэрнэту, а некаторыя прыкладанні ў будучыні могуць быць распрацаваныя спецыяльна пад сеткі 5G.
У Міністэрстве лічбавага развіцця заявілі, што выкарыстанне айчыннага алгарытму шыфравання неабходнае для забеспячэння бяспекі. На дадзены момант ведамства сумесна з сілавымі органамі прапрацоўвае магчымасць падтрымкі замежных алгарытмаў крыптааховы для базавых станцый 5G, каб паскорыць запуск сетак новага пакалення. «Пры гэтым айчынная крыптаахова ў далейшым павінна стаць прыярытэтнай», — падкрэслілі ў міністэрстве.