Індыя накіравала ваенныя караблі для абароны сваіх танкераў у Армузскім праліве
- 18.03.2026, 23:38
Нью-Дэлі ўжо забяспечыў бяспечны транзіт двух дзяржаўных танкераў.
Індыя накіравала «больш за паўдзясятка» ваенных караблёў у раён Армузскага праліва для суправаджэння сваіх танкераў на фоне абвастрэння сітуацыі ў рэгіёне. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на дасведчаныя крыніцы. Караблі будуць размешчаныя на ўсход ад праліва і не стануць заходзіць у сам водны шлях, суправаджаючы судны да бяспечных вод у паўночнай частцы Аравійскага мора. Аперацыя праводзіцца ў рамках місіі «Санкалп», запушчанай у 2019 годзе для забеспячэння бяспекі гандлёвага суднаходства і абароны марскіх інтарэсаў Індыі ў Персідскім заліве.
У апошнія дні Індыя ўжо забяспечыла бяспечны транзіт двух дзяржаўных танкераў са звадкаваным газам і вядзе перамовы з Іранам аб праходзе яшчэ некалькіх суднаў з палівам, піша агенцтва. Паводле звестак урадавых чыноўнікаў, у Персідскім заліве засталіся заблакіраванымі 22 судны пад індыйскім сцягам, уключаючы шэсць газавозаў і чатыры нафтавыя танкеры. Прэм’ер-міністр Нарэндра Модзі на мінулым тыдні абмеркаваў сітуацыю ў рэгіёне з прэзідэнтам Ірана Масудам Пезешкіянам, уключаючы спосабы забеспячэння бесперашкоднага праходу суднаў.
Пры гэтым, як падкрэслівае Bloomberg, Нью-Дэлі не адрэагаваў напрамую на заклік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа да іншых краін накіраваць баявыя караблі ў праліў. Прэс-сакратар МЗС Індыі Рандхір Джайсуал заявіў, што гэтае пытанне «не абмяркоўвалася з ЗША ў двухбаковым фармаце».
Армузскі праліў фактычна закрыты з канца лютага, калі ЗША і Ізраіль пачалі ваенную аперацыю супраць Ірана. Праз праліў праходзіць каля 20% сусветных паставак нафты, і яго блакіроўка ўжо прывяла да вострага дэфіцыту газу ў Індыі, якая атрымлівае каля 90% імпарту звадкаванага газу з Блізкага Усходу.
Трамп некалькімі днямі раней заклікаў еўрапейскія і іншыя краіны далучыцца да ваенных намаганняў па разблакіроўцы праліва, аднак шэраг саюзнікаў, уключаючы Францыю і Германію, адмовіліся. У адказ амерыканскі лідар назваў гэтае рашэнне «вельмі дурной памылкай» і заявіў, што над далейшым сяброўствам ЗША ў НАТА трэба «задумацца».