Як Карпенкоў падставіў Лукашэнку
4- 18.03.2026, 14:47
- 4,704
Развеяны ўлюбёны міф беларускіх уладаў.
За мінулы год у Беларусі было размініравана «каля 520 дронаў». Пра гэта расказаў у інтэрв’ю ўласнай прэс-службе камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Мікалай Карпенкоў, піша «Салідарнасць».
Задача ў генерал-маёра была простая і зразумелая: да чарговай гадавіны з дня ўтварэння ўнутраных войскаў пахваліць сваіх падначаленых. Вось і ўражваў лічбамі: маўляў, беларускія сапёры за год абясшкодзілі 27 тысяч выбуханебяспечных прадметаў, праявілі мужнасць пры выкананні задач па размініраванні, якіх «асабліва шмат у Гомельскай вобласці», атрымалі 12 медалёў за гераізм. У прыватнасці, размініравалі 520 дронаў, «з іх, атрымліваецца, кожны трэці — баявы».
Але тым самым Карпенкоў толькі падставіў Аляксандра Лукашэнку, які шмат гадоў запэўнівае, што «галоўны прыярытэт Беларусі — мірнае неба над галавой», і літаральна сёння пажадаў яго ў тым ліку вайскоўцам і ветэранам унутраных войскаў.
Дык што ж гэта за мірнае неба, у якім, паводле простых падлікаў, штотыдзень даводзіцца збіваць (ці яны самі падаюць) і размініраваць у сярэднім па 10 дронаў?
Калі з больш як пяці соцень дронаў кожны трэці — баявы, дык астатнія «мірныя»? Тады навошта іх размініраваць?
І нарэшце, як пасля такіх прызнанняў беларусы могуць верыць заявам афіцыйных асобаў пра тое, што насельніцтва, як і БелАЭС ды іншыя стратэгічныя аб’екты, у бяспецы?