Жыхары Масквы пачалі пераходзіць на SMS праз адключэнні інтэрнэту
6- 18.03.2026, 13:09
- 1,494
У месцах вялікага скаплення людзей могуць узнікнуць праблемы з паслугамі мабільнай сувязі.
У Маскве на фоне адключэння мабільнага інтэрнэту рэзка вырас трафік SMS-паведамленняў: з 7 па 13 сакавіка ён павялічыўся на 15,5% у параўнанні з перыядам 28 лютага — 6 сакавіка. Пра гэта сведчаць даныя аператара «Т2 Мобайл» (брэнд Т2), якія прыводзіць РБК. Пры гэтым галасавы трафік у кампаніі павялічыўся на 3–4%, што ў цэлым адпавядае ваганням ад тыдня да тыдня.
У «Т-Мобайле» зафіксавалі рост SMS-трафіку на 8% за мінулы тыдзень у параўнанні з першымі днямі сакавіка. Пры гэтым за год паказчык вырас на 12%. Таксама ў «Т-Мобайле» і «Сбермобайле» адзначылі зніжэнне трафіку мабільнага інтэрнэту ў Маскве з 9 па 15 сакавіка на 8–9% тыдзень да тыдня. У МТС, «Мегафоне», «Вымпелкоме» (брэнд «Білайн») і «Скартэле» (Yota) даныя не прадаставілі. Аднак, паводле ацэнкі прадстаўніцы «Тэлекам біржы» Анастасіі Біджэлавай, выкарыстанне SMS і галасавых выклікаў у Маскве вырасла прыкладна на 20%. На столькі ж скараціўся трафік мабільнага інтэрнэту ў цэнтры горада.
Незалежны эксперт у сферы тэлекама Аляксей Слукін нагадаў, што ў 2025 годзе галасавы трафік у Маскве вырас на 47–66% пасля блакіроўкі Роскамнаглядам званкоў у WhatsApp і Telegram. Новыя абмежаванні мабільнага інтэрнэту стануць прычынай другой хвалі пераразмеркавання карыстальніцкага трафіку, адзначае Слукін. У выпадку захавання абмежаванняў мабільнага інтэрнэту ў Маскве могуць узнікнуць праблемы з галасавымі паслугамі ў месцах вялікага скаплення людзей, папярэдзіў прадстаўнік Vigo Антон Пракапенка.
З пачатку сакавіка ў Маскве пачаліся маштабныя адключэнні мабільнага інтэрнэту і збоі ў сувязі. У цэнтры горада інтэрнэт практычна цалкам адсутнічае, а ў іншых раёнах часта працуюць толькі сайты з «белага спісу». У Крамлі тлумачылі неабходнасць блакіровак тым, што Украіна выкарыстоўвае «ўсё больш вытанчаныя метады для атак». Пры гэтым прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заклікаў расіян рыхтавацца да працяглых адключэнняў.
На фоне праблем са сувяззю жыхары Масквы і госці сталіцы пачалі купляць атласы і пуцяводнікі, продажы якіх з 6 па 10 сакавіка падскочылі на 48% у параўнанні з папярэднім тыднем. Таксама, паводле даных Wildberries, рэзка вырас попыт на пэйджары (+73% у параўнанні з лютым), рацыі (+27%) і стацыянарныя тэлефоны (+25%).
Адключэнні інтэрнэту ў Расіі адбываюцца з мая 2025 года. Паводле даных праекта «На сувязі», за сем месяцаў адбылося больш за 11,9 тыс. шатдаўнаў па ўсёй краіне. Па выніках 2025 года Расія стала сусветным лідарам па колькасці адключэнняў: іх сумарная працягласць дасягнула 37 166 гадзін, закрануўшы каля 146 млн чалавек.