У Таліне прадставяць кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай»
- 18.03.2026, 11:47
Ужо заўтра.
У цэнтры Workland Vabaduse (Pärnu mnt 12) у Таліне прадставяць новую кнігу вядомага амерыканскага гісторыка і публіцыста Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара».
Прэзентацыя кнігі на беларускай, украінскай і рускай мовах адбудзецца 19 сакавіка, у чацвер, а 18:00.
У прэзентацыі возьмуць удзел беларуская журналістка, галоўная рэдактарка сайта «Хартыя’97» Наталля Радзіна, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка і вядомы журналіст, пісьменнік і валанцёр Аркадзь Бабчэнка.
Кніга «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» — гэта гісторыя сучаснай Беларусі, апісаная праз жыццё аднаго чалавека: беларускай журналісткі і палітычнай дзеячкі Наталлі Радзінай, галоўнай рэдактаркі вядучага беларускага апазіцыйнага сайта «Хартыя’97» (Charter97.org).
Прачытаўшы гэту кнігу, чытач стане сведкам рэвалюцыйных падзей і пратэстнага руху, што пачаліся ў Беларусі ў 1995 годзе і не сціхаюць па сёння, пазнаёміцца з летапісам шматлікіх палітычных забойстваў, арганізаваных беларускімі спецслужбамі па загадзе дыктатара Лукашэнкі, разам з Радзінай акунецца ў яе турэмныя будні, адчуе радасць яе вызвалення і складанасці ўнікальных уцёкаў ад КДБ з Беларусі, стане сведкам яскравых і незабыўных сустрэч з такімі вядомымі сучаснікамі, як Станіслаў Шушкевіч, Лех Валэнса, Анджэй Вайда, Барыс Нямцоў, Леанід Неўзлін, Хілары Клінтан і іншымі.
Чытач убачыць, што Беларусь, хоць і была часткай Расійскай імперыі і СССР, з’яўляецца асобнай самабытнай краінай; што з сярэднявечча Беларусь лічыла сябе часткай Еўропы і арыентавалася на Захад, а зусім не на Усход; што будучыня Беларусі, якая вызвалілася ад дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, — з Еўрасаюзам, а не з Расіяй, якая фактычна акупавала Беларусь, бяспека якой у рэшце рэшт можа быць забяспечаная толькі сяброўствам у НАТА.
Але галоўная выснова, да якой можа прыйсці чытач, у тым, што, нягледзячы на часовыя паразы і пралітую кроў, арышты і пакаранні смерцю апошніх дзесяцігоддзяў, адсутнасць рэальнай дапамогі звонку, беларуская дэмакратыя жыве, а беларусы працягваюць змагацца за свабоду.
Кніга будзе цікавая не толькі гісторыкам, журналістам і палітолагам, якія вывучаюць Беларусь, але і шырокаму колу чытачоў.
Прэзентацыя адбудзецца 19 сакавіка, у чацвер, а 18:00
Адрас: Талін, цэнтр Workland Vabaduse, Pärnu mnt 12
