Відэафакт: Зяленскі ў Лондане паказаў, як сочыць за атакамі РФ
4- 17.03.2026, 21:29
- 4,278
Украінскае камандаванне мае сістэму, якая дазваляе адсочваць атакі РФ у рэальным часе.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскае кіраўніцтва мае доступ да сістэмы, якая дазваляе ў рэальным часе адсочваць атакі РФ і сітуацыю на фронце.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на зварот кіраўніка дзяржавы да парламента Вялікабрытаніі.
«Зараз у мяне ёсць доказ таго, што развіццё сістэм бяспекі можа адбывацца хутка і каштаваць танней, чым старыя абаронныя сістэмы. Гэта iPad з праграмным забеспячэннем, якое дазваляе нам кантраляваць нашу бяспеку ў рэальным часе», — адзначыў Зяленскі.
Паводле яго слоў, такія прылады маюць таксама прэм’ер-міністр, міністр абароны і ваеннае камандаванне.
Прэзідэнт растлумачыў, што сістэма дазваляе бачыць удары РФ, траекторыі ракет і дронаў, а таксама ацэньваць працу ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.
«Мы падрабязна бачым кожную маштабную расійскую атаку на нашы гарады, месцы запуску, траекторыі палёту, верагодныя мэты. Сістэма дазваляе нам аналізаваць кожную атаку і тое, як у цэлым рэагуе наша абарона, у рэальным часе», — адзначыў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны прывёў прыклад масіраванай атакі ў ноч на 14 сакавіка, калі Расія ўжыла амаль 500 сродкаў паветранага нападу.
«Было задзейнічана амаль 500 адзінак расійскай авіяцыйнай зброі, 430 беспілотнікаў і 68 ракет розных тыпаў. І мы збілі большасць з іх у рэальным часе. На гэтым iPad, у нашай сістэме, мы бачым, якім чынам працуюць нашыя самалёты, дзе прымяняюцца сродкі РЭБ і як разгортваюцца перахопнікі», — адзначыў украінскі лідар.
Таксама Зяленскі распавёў, што адну з такіх прылад ён перадаў каралю Вялікабрытаніі Чарльзу III.
«Яго Вялікасць спытаў, ці ёсць у мяне яшчэ адзін iPad. Я адказаў, што застаўся толькі мой уласны, і я не магу яго аддаць. А Яго Вялікасць сказаў, што падзеліцца ім з прэм’ер-міністрам», — падзяліўся прэзідэнт.