Прэзідэнт Чэхіі сустрэўся з Алесем Бяляцкім
1- 16.03.2026, 22:41
Адной з галоўных тэм сустрэчы стала дапамога беларускім палітвязням.
Пра сустрэчу праваабаронцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага з чэшскім прэзідэнтам Пэтрам Паўлам паведамляе прадстаўніцтва дэмакратычных сіл у Чэхіі.
Сустрэча адбылася 16 сакавіка ў Пражскім Градзе — афіцыйнай рэзідэнцыі Паўла ў сталіцы Чэхіі.
Адзначаецца, што Бяляцкі падкрэсліў «ключавую важнасць працягу міжнароднай падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі», а таксама «ролю санкцый як найважнейшага інструмента ціску на рэжым Лукашэнкі».
Таксама праваабаронца заявіў пра неабходнасць падтрымкі беларускага грамадзянскага грамадства, незалежных СМІ і «ўсіх, хто, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, працягвае імкнуцца да свабоднай будучыні сваёй краіны».
Паведамляецца, што адной з галоўных тэм сустрэчы стала дапамога беларускім палітвязням.
«Алесь Бяляцкі таксама выразна абазначыў ролю Беларусі ў кантэксце вайны Расіі супраць Украіны, нагадаўшы, што беларусы не падтрымліваюць гэтую расійскую вайну, і мільёны людзей, якія выйшлі на дэманстрацыі супраць дыктатуры ў 2020 годзе, усё яшчэ жывуць у краіне. Хаця многія з іх сёння захоўваюць маўчанне пад ціскам страху, іх імкненне да свабоды і еўрапейскіх каштоўнасцей застаецца нязменным», — гаворыцца ў паведамленні.
Праваабаронца падкрэсліў, што «Беларусь — гэта не Расія», паколькі «беларускі народ мае сваю ўласную гісторыю і каштоўнасці і відавочна належыць да еўрапейскай культурнай і палітычнай прасторы».