Трамп: Пуцін баіцца нас
8- 16.03.2026, 21:59
- 3,026
Прэзідэнт ЗША лічыць, што расійскага дыктатара палохаюць амерыканскія ўзброеныя сілы.
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін баіцца Злучаных Штатаў Амерыкі.
«Можаце спытаць у Пуціна. Пуцін баіцца нас. Ён зусім не баіцца Еўропы. Ён баіцца ЗША і ўзброеных сілаў, якія я стварыў падчас майго першага тэрміну», — сказаў Трамп падчас зносін з журналістамі ў Белым доме ў панядзелак, 16 сакавіка.
Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў, што Пуцін баіцца толькі Трампа, а не еўрапейцаў.
«Пуцін баіцца толькі Трампа, гэта рэальнасць. Што Трамп павінен сказаць Пуціну, не мне вырашаць. Амерыканскі прэзідэнт хоча спыніць гэтую вайну з дапамогай кампрамісаў. Мы падтрымалі гэтыя прапановы, але кампрамісу ў пытанні нашага суверэнітэту быць не можа. Пуцін не баіцца еўрапейцаў», — адзначаў прэзідэнт Украіны.
10 сакавіка Дональд Трамп заявіў, што правёў «вельмі добрую размову» з Пуціным пра вайну супраць Украіны і канфлікт на Блізкім Усходзе.
«Паміж прэзідэнтам Пуціным і прэзідэнтам Зяленскім існуе велізарная нянавісць. Яны, здаецца, не могуць дамовіцца, але я лічу, што гэта была пазітыўная размова на гэтую тэму», — сказаў Трамп.
Амерыканскі лідар таксама заяўляў, што здзіўлены «нежаданнем» Уладзіміра Зяленскага заключыць мірнае пагадненне, бо «Пуцін гатовы дамаўляцца».