СМІ: Кадыраву знайшлі пераемніка
- 16.03.2026, 20:37
- 5,320
І гэта не яго сын.
Асноўным кандыдатам на замену кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава стаў прэм’ер расійскай рэспублікі Магамед Даудаў, вядомы сваёй жорсткасцю пры выкананні таемных даручэнняў. Пра гэта 16 сакавіка піша Telegram-канал «Можем объяснить» са спасылкай на крыніцы, блізкія да ўладаў Чачні.
Паводле слоў прадстаўніка чачэнскай апазіцыйнай арганізацыі NIYSO, якая мае інсайды ў Грозным, пасля аварыі з сынам Кадырава Адамам шлях Даудава да ўлады практычна адкрыты.
У апазіцыі сцвярджаюць, што расійскія сілавыя структуры лічаць яго больш эфектыўным кіраўніком, чым многія з атачэння Кадырава. У адрозненне ад сістэмы ўлады, пабудаванай на сваяцкіх сувязях і асабістай лаяльнасці, Даудаў, як адзначаецца, прадэманстраваў здольнасць дзейнічаць па-за кланавымі абавязацельствамі.
У NIYSO заяўляюць, што за гады працы Даудаў сфарміраваў уласную сетку прыхільнікаў у сілавых структурах і органах улады рэспублікі. Паводле іх версіі, ФСБ РФ даўно разглядала яго як патэнцыйнага пераемніка Кадырава, аднак гэтаму перашкаджала асабістая падтрымка чачэнскага лідара з боку прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.
Апазіцыянеры таксама дапускаюць, што ў выпадку прыходу да ўлады Даудаў можа пачаць маштабную «зачыстку» ўнутры эліты і пазбавіцца ад людзей, звязаных з кланам Кадыравых, каб сфармаваць уласную сістэму ўплыву.
Адным з самых рэзанансных эпізодаў яго біяграфіі стала гісторыя 2019 года, калі Даудаў публічна абвясціў кроўную помсту апазіцыйнаму блогеру Тумсо Абдурахманаву. Праз год на блогера напалі ў Швецыі, пазней суд прыгаварыў двух удзельнікаў нападу да 8–10 гадоў турмы.