Ірак становіцца новай лініяй фронту ў супрацьстаянні з Іранам
- 16.03.2026, 18:11
- 1,156
Асаблівае значэнне мае рэгіён Курдыстана з амерыканскімі базамі.
Ірак паступова ператвараецца ў адну з ключавых кропак напружанасці на Блізкім Усходзе на фоне абвастрэння канфлікту вакол Ірана. Пасля авіяўдараў ЗША і Ізраіля па іранскіх аб’ектах 28 лютага ў краіне рэзка пачасціліся атакі, паведамляе выданне The National Interest (пераклад — сайт Charter97.org).
Паводле дадзеных курдскага медыя «Rudaw», па аўтаномным рэгіёне Іракскі Курдыстан было нанесена больш за 270 удараў беспілотнікамі і ракетамі. Мэтамі атак сталі амерыканскія вайскоўцы і сілы міжнароднай кааліцыі па барацьбе з ІДІЛ, а таксама базы іранскіх апазіцыйных груповак. Адна з атак таксама была накіраваная супраць замежных вайскоўцаў — Італія заявіла, што ўдар па яе падраздзяленні ў Іраку быў наўмысны.
Большасць нападаў здзяйсняюць фарміраванні, якія ўваходзяць у склад так званых Сіл народнай мабілізацыі (PMF). Гэтая структура была створаная ў 2014 годзе для барацьбы з ІДІЛ і аб’ядноўвае дзясяткі шыіцкіх узброеных брыгад, уключаючы «Катаіб Хізбала», «Асаіб Ахль аль-Хак» і арганізацыю «Бадр». З канца лютага па іх базах рэгулярна наносяцца адказныя авіяўдары, у выніку якіх загінулі дзесяткі байцоў.
Эксперты лічаць, што Іран цягам многіх гадоў умацоўваў уплыў у Іраку праз падобныя групоўкі, выкарыстоўваючы іх для ціску на сваіх праціўнікаў. Рэзкае павелічэнне колькасці нападаў сведчыць пра спробу Тэгерана пашырыць канфлікт і ўцягнуць Ірак у прамое супрацьстаянне.
Асаблівае значэнне мае рэгіён Курдыстана, дзе размешчаныя амерыканскія вайсковыя аб’екты і буйное консульства ЗША ў Эрбілі. Гэты рэгіён таксама адыгрывае важную ролю ў лагістыцы амерыканскіх сіл у Сірыі і ў экспарце нафты праз Турцыю.
Адначасова Ірак сутыкаецца з эканамічнымі праблемамі: атакі на нафтавыя танкеры і магчымыя абмежаванні суднаходства ў Армузскім праліве пагражаюць нафтаваму экспарту краіны і могуць справакаваць новыя крызісы ўнутры краіны.