У Расіі наспяваюць «каровіныя бунты»
12- 15.03.2026, 13:25
- 5,726
Сілавікі Пуціна спальваюць жывёлу ў вёсках.
У расійскіх рэгіёнах пад выглядам барацьбы з эпідэміяй пастэрэлёзу масава адбіраюць жывёлу ў дробных фермераў і сялян.
У Пензенскай і Навасібірскай абласцях, а таксама ў Алтайскім краі РФ пачаліся пратэсты ў вёсках. Прычынай стаў масавы забой уладамі буйной рагатай жывёлы на фоне ўспышкі, меркавана, пастэрэлёзу.
У Сеціве за апошні тыдзень пачала з’яўляцца вялікая колькасць відэазваротаў мясцовых жыхароў з нагоды таго, што адбываецца, перадае Dialog.UA.
Паводле слоў сялян, санэпідстанцыя разам з сілавікамі забірае ў іх коней, кароў, коз і авечак, забівае і спальвае жывёл.
Пад вынішчэнне трапляе, у тым ліку, і здаровая жывёла, ніякіх аналізаў папярэдне не праводзіцца. Людзям не прадстаўляюць ніякіх дакументаў, нават не паведамляюць прычыну «каранціну», абмяжоўваюцца адгаворкамі пра «небяспечную хваробу».
Сяляне і ўладальнікі невялікіх сельгаспрадпрыемстваў запісваюць звароты да дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна з просьбай спыніць «бясчынства». Яны скардзяцца, што застануцца без сродкаў да існавання і на мяжы голаду. Але ніякай рэакцыі на гэтыя ролікі няма.
Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што буйных аграхолдынгаў санэпідстанцыя не чапае. Фермеры падазраюць, што забой жывёлы пралобіраваны вялікім бізнесам, каб пазбавіцца ад канкурэнтаў.
Выказаўся Z-блогер Іван Атракоўскі. Ён у сваім блогу абвінаваціў улады РФ у «злачынстве супраць народа». «Фермероў разараюць, знішчаючы харчовую базу краіны… Знішчаюць сярэдні клас, робячы народ цалкам збяднелым. Улады гэта твораць у інтарэсах манапалістаў або ствараюць штучны голад. І тое, і другое — злачынства супраць народа», — заявіў прапагандыст.