У якіх абласных цэнтрах Беларусі самыя дарагія і самыя танныя кватэры?
- 15.03.2026, 12:31
- 1,554
У Гродне жыллё падаражэла найбольш адчувальна, але першынство за іншым горадам.
Паводле афіцыйных даных Нацыянальнага кадастравага агенцтва, 2025 год прайшоў пад знакам умеранага зніжэння актыўнасці ў рэгіёнах. Усяго ў абласных цэнтрах было заключана 12,3 тыс. здзелак з нерухомасцю — гэта на 10% менш за паказчыкі 2024 года. Пра гэта выданню «7 дзён» распавяла начальніца ўпраўлення ацэнкі Нацыянальнага кадастравага агенцтва Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Вераніка Салавёва.
— Званне самага дарагога горада ўтрымлівае Брэст, у той час як Віцебск застаецца найбольш бюджэтным — тут «квадрат» абыходзіцца на 30% танней. Аналіз рынку Гродна ўскладняецца высокай доляй новабудоўляў у структуры продажаў, што скажае агульную статыстыку. Аднак погляд на «чыстую» другасную нерухомасць расстаўляе ўсё па месцах: пры сярэднім кошце ў 1020 долараў за «квадрат» Гродна ўпэўнена займае другую пазіцыю ў рэйтынгу дарагоўнасці, — адзначае спецыялістка.
У Гродне, паводле яе слоў, кватэры падаражэлі найбольш адчувальна — за год цэны тут падняліся на 28%. Брэст паказаў больш стрыманую дынаміку (+16%), хаця да канца года тэмпы яе росту прыкметна паскорыліся. Віцебск і Гомель захавалі стабільныя сярэднеквартальныя значэнні. Магілёў да фінішу года прадэманстраваў прыкметы запаволення цэнавага скачка.
Смакі пакупнікоў таксама размеркаваліся нераўнамерна. У Гомелі і Гродне да канца года сфарміраваўся выразны прыярытэт на карысць двухпакаёвых кватэр. У той жа час у Брэсце, Віцебску і Магілёве сімпатыі рынку падзеліліся пароўну паміж кампактнымі аднапакаёвымі кватэрамі і больш прасторным двухпакаёвым жыллём.
Што да сталіцы, то тут, паводле слоў Веранікі Салавёвай, лідэрамі попыту сталі аднапакаёвыя кватэры — на іх прыпала каля 44% усіх здзелак. Сярэдні кошт квадратнага метра ў аднапакаёвых кватэрах на другасным рынку дасягнуў адзнакі 7045 бел. руб.