15 сакавiка 2026, Нядзеля, 13:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка трапіў у пікантную сітуацыю

16
Лукашэнка трапіў у пікантную сітуацыю

Гэта падобна да спаборніцтва, якое Элачка-людажэрка вяла з мільянеркай Вандэрбілт.

У нядзелю, 8 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка паехаў праінспектаваць адціснуты Mak.by, каб захапіцца ўнікальнай беларускай якасцю. Задача якраз і складалася ў тым, каб захапіцца. Таму выкананню гэтай задачы не перашкодзілі ніякія дробныя канфузы, якія адбыліся падчас інспекцыі.

Катлета — пытанне палітычнае

Пытанне Mak.by, які былы МакДональдс, — гэта пытанне не пра хуткае харчаванне, не пра эканоміку, не пра бізнес. Гэта пытанне палітычнае. З дапамогай Mak.by беларускія ўлады хацелі даказаць, што яны могуць не толькі нешта адціснуць. Што яны яшчэ здольныя падтрымліваць адціснутае ў працаздольным стане.

«Тут некаторыя казалі, што мы не справімся. Ах, амерыканцы з’ехалі, значыць мы загінем. Не загінулі», — сказаў Лукашэнка.

Хаця насамрэч амерыканцы там увогуле ні пры чым. Адціснулі ж не ў амерыканцаў. Уладальнікам рэстаранаў МакДональдс у Беларусі быў бізнесмен з сяброўскага Казахстана, які працаваў па франшызе МакДональдс.

У 2022 годзе МакДональдс, калі многія заходнія кампаніі сыходзілі з Беларусі і Расіі, сваю франшызу адклікаў. Але забіраць рэстараны ў яго ўладальніка пры гэтым было зусім неабавязкова. Сетка магла б працаваць, як гэта, уласна, адбылося ў Расіі пад новым брэндам, але з ранейшым уладальнікам.

Але тады Аляксандр Лукашэнка вырашыў, што гэта якраз найбольш прыдатны выпадак, каб нешта камусьці даказаць пра ўнікальную беларускую якасць. Таму ўласнасць казахстанскага бізнесмена Кайрата Боранбаева волевым рашэннем беларускіх уладаў была прызнаная амерыканскай маёмасцю і канфіскаваная на карысць беларускай дзяржавы.

Пазней, без аўкцыёнаў, без якіх-небудзь адкрытых таргоў, абсалютна непублічна 90 працэнтаў кампаніі былі перададзеныя або прададзеныя беларускаму бізнесмену Аляксею Савчуку. За 13 рэстаранаў МакДональдс ён заплаціў беларускай дзяржаве 20 мільёнаў долараў.

«Гэта ў мяне было патрабаванне: усё ў амерыканцаў забіраем... Хоць што там забіраць? Яны кінулі і сышлі. Думалі, што мы тут ляснемся. Але ж беларусы разумныя людзі. І вось яны аднавілі так, як было пры тым МакДональдсе», — сказаў Лукашэнка.

Ну, гэта значыць, ніякія амерыканцы адсюль не сыходзілі. Бо іх тут і не было. Уласнасць адціснулі ў бізнесмена з Казахстана. З амерыканскага ў МакДональдсе была франшыза, якую, сапраўды, амерыканцы адклікалі. Але ўсё астатняе, уключаючы нават генеральнага дырэктара, засталося. Таму не трэба было нічога так гераічна аднаўляць. Яно нікуды і не дзявалася. Яно ўсё засталося там, дзе было. Адзіная змена была ў тым, што казахстанскага ўладальніка змяніў беларускі ўладальнік.

Каму ўцерлі нос

Але пра тое, хто быў уласнікам рэстаранаў МакДональдс, беларускія ўлады не ўспамінаюць. Бо тады не атрымаецца гераічны эпас пра тое, як яны ўцерлі нос амерыканцам. Бо спаборнічаюць беларускія ўлады менавіта з імі. Менавіта амерыканцам Аляксандр Лукашэнка хоча даказаць, што булкі з катлетай ён умее рабіць не горш.

«А цяпер няхай амерыканцы прыедуць і паглядзяць. Вось калі яны прыедуць да мяне — абавязкова прывезі іх сюды».

Хоць насамрэч амерыканцам гэта лепш не паказваць. І не толькі таму, што хваліцца крадзеным непрыгожа. А ў асноўным таму, што гэта… ну проста жаласна выглядае. Як напісала мая калега, гэта падобна да спаборніцтва, якое Элачка-людажэрка вяла з мільянеркай Вандэрбілт. Вось гэта прыкладна той выпадак, калі вы футра натуральнага Чабурашкі спрабуеце выдаць за шанхайскіх барсаў.

Сама па сабе тэхналогія бургера ніякай унікальнасцю не вызначаецца. Засунуць катлету ў булку можа кожны. Ніякіх сакрэтаў прыгатавання БігМака няма. Сакрэт поспеху МакДональдс не ў катлеце, якая, дарэчы, у Mak.by лягчэйшая, чым катлета ў арыгінальным бургеры. І не ў булачках, якія вось літаральна толькі цяпер навучыліся рабіць у Беларусі. Сакрэт поспеху МакДональдса — гэта ідэя, бізнес-схема і тэхналогіі.

І вось пачнём з тэхналогій. Бо гэта самае простае, і іх нават не трэба было капіяваць. Тэхналогіі МакДональдс дасталіся Беларусі разам з людзьмі, якія ўмеюць імі карыстацца. То-бок проста бяры і рабі, як раней. Але, згодна з каментарыямі наведвальнікаў, не атрымліваецца.

«Калі МакДональдс стаў Mak.by, то кантроль якасці стаў ніякі. У адным і тым жа рэстыку сёння можа быць смачная бульба фры, а заўтра — агідная».

Але сутнасць тэхналогій МакДональдс якраз у тым, што якасць вашага бургера будзе аднолькавай у любым рэстаране, у любой кропцы свету. А калі смак бургера або бульбы адрозніваецца ў залежнасці ад часу сутак ці геаграфічнага размяшчэння, значыць нават тэхналогіі вы нармальна ўкрасці не змаглі.

Прычым не толькі тэхналогіі вырабу бургераў. Калі Лукашэнка зайшоў у рэстаран, перад ім вырашылі пахваліцца інтэрактыўным тэрміналам заказаў. Але атрымалася няёмка. У самы адказны момант тэрмінал адмовіўся прымаць аплату ў віцэ-прэм’ера Снопкава.

Пасля чаго ў Лукашэнкі і Снопкава адбыўся паказальны дыялог.

- Аляксандр Рыгоравіч, пікантнасць у чым, самая складаная была задача.

- Праграмнае забеспячэнне?

- Софт жа быў амерыканскі.

- Дык вы ж сваё зрабілі.

- Так, усё сваё.

- Вось гэта малайцы.

Ёсць пытанкі

І сапраўды пікантна. То-бок мы сумленна ўсё скралі, а яно, зараза такая, разумееш, усё роўна не працуе. Але пры гэтым мы ўсё адно малайцы. Бо раней яно было амерыканскае, а цяпер стала сваё. Хаця і не працуе.

З бізнес-схемай таксама ёсць пытанні. У першы год самастойнага плавання выручка кампаніі ўпала на 22 працэнты, а прыбытак — у два з паловай разы. У 2024 годзе выручка вырасла на трэць. То-бок з папраўкай на інфляцыю кампанія аднавіла фінансавыя паказчыкі.

Падчас наведвання Mak.by у нядзелю Аляксандрам Лукашэнкам пра фінансавыя паказчыкі 2025 года нават не ўспаміналі. Пераважна абмяркоўвалі ўнікальны смак беларускіх бургераў. Хаця, што прасцей? Хочаш пахваліцца — пахваліся лічбамі.

Але я падазраю, што там няма чым хваліцца, бо 2025 год — гэта быў год, калі па даручэнні Лукашэнкі рэстараны паскоранымі тэмпамі пераходзілі на цалкам беларускія прадукты. І адначасова эксперыментавалі з арганізацыяй выязнога гандлю. То-бок па аб’ектыўных прычынах з прыбыткам маглі быць праблемы ў мінулым годзе.

Але галоўны сакрэт поспеху МакДональдс — гэта ўсё ж ідэя. Ідэя, якая дазволіла стварыць бізнес-імперыю, куды ўваходзяць 44 тысячы рэстаранаў і кошт якой складае 232 мільярды долараў. Прыблізна ў два з паловай разы больш, чым ВУП Беларусі.

Але ў тым і сэнс, што ідэі трэба прыдумляць свае. Бо калі вы крадзеце чужыя, у вас атрымліваецца імпартазамяшчэнне па-беларуску. Адціснуць рэстараны і рабіць катлеты ўдвая лягчэй і кожны раз розныя. Купіць у кітайцаў манітор і наклеіць на яго этыкетку «Гарызонт». Ці, як прапанаваў Лукашэнка, перайменаваць амерыкана. Але старую назву ў дужках усё ж пакінуць. А то іначай жа купляць не будуць.

Аляксей Мазартов, «Беларусы і рынак»

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках