Зяленскі ў інтэрв'ю пажартаваў пра свае адносіны з Трампам
- 15.03.2026, 2:25
Чакае, каб яго ўспрымалі як бацьку.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што яму складаней мець зносіны з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, чым з французскім калегам Эмануэлем Макронам.
Пра гэта Зяленскі сказаў у інтэрв'ю радыё France Inter у суботу, 14 сакавіка.
На пытанне журналіста, ці можа ён назваць сваім сябрам Дональда Трампа, Зяленскі адказаў, што «не можа так сказаць». Аднак ён назваў сябрам прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона.
«Гэта мой сябра, таму што мы праходзім гэты час… Мы вырашаем праблемы і складаныя моманты, дапамагаем адзін аднаму. Мой першы візіт быў у Францыю. Мы пазнаёміліся шмат гадоў таму. Мы блізкія, і нашы людзі блізкія», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
І адзначыў, што адносіны з Трампам больш складаныя. «Можа, таму, што ён больш дарослы. Можа, таму, што ставіцца да мяне як да сына і чакае ад мяне стаўлення да сябе як да бацькі. Але ў яго ўжо ёсць дзеці, а ў мяне ёсць бацькі», — патлумачыў прэзідэнт Украіны.
Калі журналіст перапытаў пра «стаўленне як да сына», Зяленскі засмяяўся і сказаў: «Не ведаю. Магчыма, не да самага любімага сына, але чаму б і не?»