14 сакавiка 2026, Субота, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі айцішнік «зашыў» рэцэпт пяльменяў у рэзюмэ

1
Беларускі айцішнік «зашыў» рэцэпт пяльменяў у рэзюмэ

І атрымаў запрашэнне на сумоўе.

У сеціве абмяркоўваюць гісторыю беларускага IT-спецыяліста, які вырашыў праверыць, як працуюць алгарытмы падбору кандыдатаў. Для эксперыменту ён дадаў у сваё рэзюмэ рэцэпт прыгатавання пяльменяў. І сістэма нічога падазронага не заўважыла, піша Onliner .

Хлопец апублікаваў падрабязнасці эксперыменту ў Threads. Рэзюмэ спецыяльна стваралася пад алгарытмы ATS (сістэмы адсочвання кандыдатаў) і ШІ-агентаў, якія кампаніі выкарыстоўваюць для першаснага адбору кандыдатаў.

Рэцэпт пяльменяў быў не ва ўсім дакуменце — толькі ў раздзеле апошняга месца працы.

— Усе астатнія блокі былі прапісаныя максімальна пад алгарытмы, кожны блок быў запоўнены, — тлумачыць аўтар эксперыменту. Такія сістэмы ацэньваюць агульную рэлевантнасць рэзюмэ. Калі ключавыя навыкі і дасягненні супадаюць з патрабаваннямі вакансіі, алгарытм можа паставіць дакументу высокі рэйтынг — нават калі ў адной з частак ёсць дзіўны тэкст.

У выніку рэзюмэ з рэцэптам пяльменяў з’явілася на сайце па пошуку працы. За тыдзень яно трапіла ў выдачу 825 разоў, аўтар атрымаў запрашэнне на сумоўе. І толькі там заўважылі ў рэзюмэ рэцэпт.

Хлопец піша, што кампанія нават была гатовая прапанаваць яму офер, але ён адмовіўся: рэзюмэ было напісана пад фронтэнд-распрацоўшчыка, а ягоная рэальная спецыялізацыя — іншая.

Эксперымент, як сцвярджае аўтар, быў часткай больш шырокага тэсту.

Ён загрузіў 10 розных рэзюмэ, каб праверыць, як працуюць алгарытмы, а гэтая тэма яго зацікавіла і з прафесійнай прычыны: як менеджар па стратэгіі і росце, ён адказвае, між іншым, за эфектыўнасць найму і хацеў паглядзець на рынак вачыма кандыдата.

Як такое стала магчымым?

Пра гэта мы спыталі ў HR-кансультанткі для спецыялістаў і бізнесу Валерыі Петросян.

— Гісторыя, вядома, забаўная: рэцэпт пяльменяў замест рэзюмэ гучыць як выдатная нагода для мемаў. Але калі глядзець шырэй, дык смешнага тут няшмат. Рынак працы год ад года становіцца ўсё больш абсурдным, і 2026‑ы не робіць выключэнняў. Асабліва гэта прыкметна ў ІТ: хуткасць, ціск, канкурэнцыя — усё расце. І калі кампаніі і кандыдаты не пачнуць свядома падыходзіць да працэсу найму, нас чакае не вясёлы фінал, а сістэмны крызіс якасці.

— Ці сапраўды сёння большасць кампаній выкарыстоўваюць ШІ і ATS‑сістэмы для першаснага адбору рэзюмэ?

— Цяжка сказаць, што гэта большасць, але тэндэнцыя відавочная. ATS — гэта не чарадзейны інтэлект, а інструмент, які паводле загадзя зададзенага сцэнарыя правярае, наколькі рэзюмэ падобнае да апісання вакансіі. Ён не аналізуе глыбока, не разумее кантэксту, не адчувае нюансаў — проста супастаўляе словы і лічбы. Паралельна кампаніі могуць выкарыстоўваць ШІ: загружаюць апісанне вакансіі, пачку рэзюмэ — і атрымліваюць аўтаматычную ацэнку рэлевантнасці.

Валерыя Петросян называе некалькі прычын, чаму бізнес укараніае такія інструменты:

паток кандыдатаў велізарны. Рынак перанасычаны, канкурэнцыя па многіх ІТ‑пазіцыях высокая, і апрацаваць усё гэта ўручную складана;

аптымізацыя рэсурсаў. Прасцей і танней плаціць за інструмент, які хутка сарціруе рэзюмэ, чым трымаць каманду, што робіць гэта ўручную;

тэндэнцыя. «У суседзяў ужо стаіць ШІ, а мы што, горшыя?» — і кампаніі падключаюць тэхналогіі, не заўсёды разумеючы, як імі правільна карыстацца.

— Але важна памятаць: гэта інструмент, а не замена экспертызы. Калі кампанія выкарыстоўвае ШІ як памочніка, якасць не пацерпіць, бо рэкруцёр або HR усё адно пераправярае і прымае рашэнне.

Калі ж ШІ становіцца «адзіным рэкруцёрам», то вынік прадказальны: памылкі, рэпутацыйныя рызыкі і мемы ў сацыяльных сетках — як і гісторыя з пяльменямі.

Напэўна многія цяпер задаюцца пытаннем: адаптаваць сваё рэзюмэ пад алгарытмы ці лепш заставацца максімальна шчырымі.

— Мне б вельмі хацелася сказаць: «Будзьце шчырымі, пішыце як ёсць, і ўсё будзе добра». Але дынаміка рынку працы кажа пра адваротнае. Сёння адаптацыя рэзюмэ пад канкрэтную вакансію — гэта не маніпуляцыя, а працоўны інструмент, — лічыць экспертка. — І гаворка не пра тое, каб прыдумваць досвед, якога няма. Гаворка пра іншае: вы бачыце апісанне пазіцыі, разумееце, што гэта пра вас, але фармулёўкі ў вашым рэзюмэ адрозніваюцца. Алгарытм можа проста не «пазнаць» ваш досвед. Таму адаптацыя — гэта хутчэй пераклад з «вашай мовы» на «мову вакансіі».

Але ёсць тонкая мяжа. Калі гаворка ідзе пра «фрод» — свядомы падман дзеля сумоўя або офера, то тут я катэгарычна супраць. Кампаніі ўмеюць правяраць досвед: рэкамендацыі, працоўная кніжка, глыбінныя пытанні, разуменне рынку. У ІТ‑індустрыі ўсе адзін аднаго ведаюць. І апынуцца злоўленым за руку — рэпутацыйна непрыемна і для кар’еры шкодна.

— Але як самі рэкруцёры рэагуюць на спробы кандыдатаў абысці алгарытмы?

— Гэта як у адносінах: калі ты не любіш сінюю сукенку, але надзяваеш яе дзеля кагосьці, гэта відаць: ты выглядаеш неарганічна, табе нязручна. Таксама і з рэзюмэ. Калі HR бачыць абсалютна ідэнтычныя фармулёўкі, скапіяваныя з вакансіі, гэта ўспрымаецца як спроба «сыграць у алгарытм». І даверу гэта не дадае.

Але калі вы акуратна адаптавалі рэзюмэ і гэта сапраўды пра вас — захавалі сутнасць, фокусы, але выклалі па-іншаму, то гэта выглядае арганічна.

Гэта выклікае цікавасць, жаданне запрасіць і пазнаць вас лепш. І мне вельмі хочацца заклікаць абодва бакі да свядомасці: кампаніі — пераправяраць працу сістэм і не аддаваць лёс найму на водкуп алгарытмам, а кандыдатаў — заставацца сабой, бо толькі так магчыма пабудаваць супрацоўніцтва, што працягнецца доўга і будзе камфортным для ўсіх.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках