Электрамабіль без руля і педаляў: у ЗША прадставілі новае робатаксі
1- 14.03.2026, 11:09
Кампанія ўжо вядзе перамовы з Uber.
Амерыканская кампанія Lucid прадставіла канцэпт двухмеснага беспілотнага электрамабіля Lunar, які прызначаны для выкарыстання ў якасці таксі.
Новае робатаксі не мае педаляў і руля.
Кампанія Lucid прадставіла спецыяльна распрацаваны канцэпт аўтаномнага электрамабіля Lunar. Канцэпт створаны на аснове электрычнай платформы Midsize, распрацаванай Lucid для электрамабіляў сярэдняга памеру. На базе гэтай платформы будуць створаныя і новыя электрамабілі, не прызначаныя для таксі, піша Interesting Engineering.
Электрамабіль Lunar уяўляе сабой двухмесны беспілотны транспартны сродак, прызначаны для выкарыстання ў якасці таксі. Яго распрацавалі спецыяльна для аўтапаркаў, што аказваюць паслугі аўтаномнага таксі. Lucid ужо вядзе перамовы з Uber аб маштабным разгортванні гэтых электрамабіляў.

Электрамабіль Lunar не мае традыцыйных органаў кіравання, то-бок у ім няма руля і педаляў. Пры гэтым яго распрацавалі так, каб ён захоўваў эфектыўнасць у працы на працягу доўгага часу нават пры інтэнсіўным выкарыстанні.
Кампанія Lucid стварыла канцэпт робатаксі Lunar на аснове новай электрычнай платформы Midsize для электрамабіляў сярэдняга памеру. Гэта платформа будзе выкарыстана таксама для стварэння звычайных электрамабіляў, якія зможа набыць кожны ахвочы.
У Lucid заявілі, што просты інтэр'ер і цалкам аўтаномная канструкцыя забяспечваюць эфектыўнае выкарыстанне Lunar у вялікіх аўтапарках таксі. Таксама стала вядома, што архітэктура новых электрамабіляў ужо прадугледжвае інтэграцыю датчыкаў, вылічальных сістэм і тэхналогій дапамогі кіроўцу, неабходных для аўтаномнага кіравання.
Кампанія Lucid заявіла, што на базе платформы Midsize будуць створаныя таксама два электрычныя кросоверы для асабістага карыстання — Lucid Cosmos і Lucid Earth.
Кошт электрамабіляў на платформе Midsize будзе пачынацца ад 50 000 долараў. Платформа таксама прадстаўляе новы электрычны прывад Atlas ад Lucid. Інжынеры распрацавалі сістэму так, каб яна была меншая, лягчэйшая і прасцейшая ў вытворчасці.
Кампанія Lucid заявіла, што энергаэфектыўнасць застаецца яе галоўнай перавагай. Больш эфектыўныя электрамабілі патрабуюць меншых батарэй, што зніжае іх кошт.