CNN: ЗША не чакалі, што Іран гатовы перакрыць Армузскі праліў
- 14.03.2026, 4:59
Пентагон і Рада нацыянальнай бяспекі ЗША не ўлічылі патэнцыйныя наступствы гэтага сцэнару.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа не чакала, што Іран можа перакрыць для судаходства Армузскі праліў у адказ на ваенныя ўдары з боку ЗША. Пра гэта 13 сакавіка паведаміў CNN са спасылкай на крыніцы, дасведчаныя ў планаванні аперацыі.
Пентагон і Рада нацыянальнай бяспекі ЗША не ўлічылі ў поўнай меры патэнцыйныя наступствы гэтага сцэнару, які лічаць адным з найгоршых для Вашынгтона.
Хаця кіраўнікі Міністэрства фінансаў Скот Бэсент і Міністэрства энергетыкі Крыс Райт бралі ўдзел у планавых нарадах, аналітычныя ацэнкі і прагнозы, якія раней былі галоўнымі пры прыняцці рашэнняў, адышлі на другі план праз абмежаваны круг дарадцаў Трампа.
На думку чыноўнікаў, у Тэгеране разумелі, што закрыццё праліва нанясе Ірану больш шкоды, чым ЗША, а пагрозы іранцаў лічылі «пустымі».
Тым часам кіраўнік Белага дома ўмаляе рызыкі на энергетычных рынках, заклікаючы экіпажы танкераў «праявіць смеласць» і праходзіць праліў. У той жа час, як адзначаюць журналісты, ваенныя эскорты танкераў праз праліў цяпер немагчымыя з-за высокай рызыкі для суднаў.
Энергетычныя кампаніі і былыя чыноўнікі выказваюць занепакоенасць з-за абмежаванасці варыянтаў для ЗША, бо Іран і далей пагражае бяспецы марскіх шляхоў, выкарыстоўваючы дроны, ракеты і міны. У той жа час Белы дом і Трамп сцвярджаюць, што любыя перабоі з пастаўкамі энергарэсурсаў часовыя і не пагражаюць доўгатэрміновай стабільнасці рынкаў.
Аднак кіраўнік Пентагона Піт Хегсет назваў сцвярджэнне пра тое, што ў Вашынгтоне недаацанілі ўплыў вайны на Армузскі праліў, «цалкам абсурдным». Падобную думку выказалі і некаторыя іншыя ананімныя суразмоўцы канала сярод дзейных і былых амерыканскіх чыноўнікаў.