ЗША запатрабавалі ад Лукашэнкі не выганяць палітвязняў з краіны
- 13.03.2026, 23:10
- 2,212
За дэпартацыю беларусаў дыктатару пагражае Гаагскі трыбунал.
Аляксандр Лукашэнка 13 сакавіка пракаментаваў будучыя перамовы са спецпасланнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Паводле слоў узурпатара, у парадку дня — каля дзесяці пунктаў: ад зняцця санкцый да аднаўлення працы пасольстваў і вызвалення палітвязняў. Ён падкрэсліў, што вязняў з краіны нібыта не выганяюць, а амерыканцы просяць не саджаць іх зноў у турму.
Кажучы пра перамовы і вызваленне палітвязняў, Лукашэнка заявіў, што перамоўцы ад ЗША просяць: «не дай Божа зноў іх не пасадзіць».
— Хочуць застацца — калі ласка. Але ў межах дзеючага прававога поля, — цытуе дыктатара БелТА.
Як паведамляў Charter97.org, пракуратура Міжнароднага крымінальнага суда абвясціла пра пачатак афіцыйнага расследавання у дачыненні да ўладаў Беларусі з-за сілавой кампаніі супраць грамадзянскага насельніцтва краіны, што пачалася пасля выбараў 2020 года. Улады Беларусі падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці — а менавіта дэпартацый па палітычных матывах, што ажыццяўляюцца ў межах дзяржаўнай палітыкі.