Адразу 34 беларускія гарады пабілі рэкорды вясновай «спёкі»
- 13.03.2026, 10:23
- 1,182
Якое надвор’е чакаць у выхадныя?
У чацвер, 12 сакавіка, на 70% беларускіх метэастанцый былі ўстаноўлены новыя сутачныя тэмпературныя рэкорды. Новы нацыянальны рэкорд для гэтай даты цяпер належыць Кобрыну. Там учора слупкі тэрмометраў падскочылі да амаль летніх +18,8°С. У «Тэлеграфе» даведаліся, колькі часу пратрымаецца такая вясенная «спёка» і якое надвор’е беларусам чакаць у найбліжэйшыя выхадныя.
Паводле даных Telegram-канала @nadvorie, учора на метэастанцыях адразу ў 34 гарадах Беларусі былі абноўлены сутачныя тэмпературныя максімумы. Абсалютным рэкардсменам 12 сакавіка стаў Кобрын з яго +18,8°С, але на некаторых метэастанцыях назіраліся блізкія да гэтага значэнні:
новы сутачны рэкорд для Пінска склаў +18,6°С (папярэдні 15,8°С у 2002 годзе),
Палеская метэастанцыя +18,4°С (папярэдні +15,6 у 2002 годзе),
Ганцавічы 17,7°С (папярэдні 15,8°С у 2025 годзе),
Брэст 17,6°С (папярэдні 16,3°С у 2001 годзе),
Гродна 17,6°С (папярэдні 13,7°С у 2001 годзе),
Жыткавічы 17,6°С (папярэдні 16,7°С у 2002 годзе),
Высокае 17,5°С (папярэдні 16,4°С у 2001 годзе),
Ваўкавыск 17,4°С (папярэдні 15,3°С у 2001 годзе),
Пружаны 17,3°С (папярэдні 15,2°С у 2001 годзе),
Івацэвічы 17,3°С (папярэдні 15,2°С у 2002 годзе),
Баранавічы 17,2°С (папярэдні 14,9°С у 2002 годзе),
Акцябр 17,2°С (папярэдні 16,2°С у 2002 годзе),
Ліда 16,9°С (папярэдні 12,9°С у 2002 годзе),
Полацк 16,5°С (папярэдні 12,6°С у 2002 годзе),
Стоўбцы 16,4°С (папярэдні 14,8°С у 2002 годзе),
Ашмяны 16,3°С (папярэдні 13,3°С у 2002 годзе),
Валожын 16,3°С (папярэдні 13,4°С у 2002 годзе),
Навагрудак 16,3°С (папярэдні 12,5°С у 2002 годзе),
Беразіно 16,2°С (папярэдні 15,1°С у 2025 годзе),
Мар’іна Горка 16,2°С (папярэдні 14,8°С у 2025 годзе),
Сянно 16,1°С (папярэдні 13,2°С у 2025 годзе),
Бабруйск 16,1°С (папярэдні 15,4°С у 2025 годзе),
Лепель 15,9°С (папярэдні 13,0°С у 2002 годзе),
Бярэзінскі запаведнік 15,9°С (папярэдні 15,5°С у 2002 годзе),
Лынтупы 15,5°С (папярэдні 13,1°С у 2002 годзе),
Барысаў 15,5°С (папярэдні 14,6°С у 2025 годзе),
Шаркаўшчына 15,4°С (папярэдні 12,9°С у 2002 годзе),
Віцебск 14,9°С (папярэдні 11,4°С у 2002 годзе),
Нарач 14,7°С (папярэдні 14,4°С у 2002 годзе),
Мінск 14,7°С (папярэдні 14,2°С у 2025 годзе),
Азярэчча 14,5°С (папярэдні 11,1°С у 1997 годзе),
Верхнядзвінск 13,3°С (папярэдні 10,4°С у 1997 годзе),
Мсціслаў 13,2°С (папярэдні 11,3°С у 2025 годзе),
Вілейка 12,3°С (папярэдні 11,8°С у 2002 годзе).

Як заўважылі аўтары іншага канала пра надвор’е «Метеовайб», нацыянальныя сутачныя максімумы былі ўстаноўлены напярэдадні і ў суседніх Літве і Латвіі. Напрыклад, у літоўскім Друскінінкаі ўчора прыгравала амаль як на Палескай метэастанцыі — да +18,1°С, а ў латвійскім Рэзэкнэ амаль як у беларускім Верхнядзвінску — да +13,8°С.

Якім будзе надвор’е ў выхадныя?
Згодна з аператыўным прагнозам Белгідрамета, найбліжэйшыя выхадныя парадуюць беларусаў сапраўдным вясновым цяплом і сонейкам. Ападкаў у прагнозе на суботу і нядзелю, 14–15 сакавіка, зусім няма, сіноптыкі абяцаюць пераменную воблачнасць, а тэмпературу — у тым жа дыяпазоне, што і ў папярэднія пару дзён:
14 сакавіка, субота: уначы ў дыяпазоне ад -2°С да +5°С, максімальная ўдзень у сярэднім па краіне +10..+16°С, на захадзе і поўдні Беларусі — да +18°С.
15 сакавіка, нядзеля: уначы -3..+3°С, на захадзе — да +5°С, максімальная ўдзень — ад +9°С на паўночным усходзе да +17°С на паўднёвым захадзе краіны.
Пры гэтым зусім ужо паслабляцца ў святле сапраўднай метэаралагічнай вясны беларусам не варта, асабліва гэта датычыцца аўтамабілістаў.
Дзяржаўныя сіноптыкі папярэдзілі, што на працягу ўсіх выхадных у начныя і ранішнія гадзіны на асобных участках дарог у большасці рэгіёнаў краіны можа ўтварацца галалёдзіца. У сувязі з гэтым Белгідрамет абвясціў жоўты ўзровень небяспекі да нядзелі для ўсіх абласцей, за выключэннем Брэстчыны і Гродзеншчыны.

Тым часам аўтары Telegram-канала @nadvorie звярнулі ўвагу на зрух анамаліі высокага ціску ў раёне Скандынавіі, які паступова змяняе цыркуляцыю халоднага і цёплага паветра ў Еўропе. Паводле папярэдніх разлікаў спецыялістаў, яна напрыканцы сакавіка абяцае Еўропе перанос халоднага паветра і павышае рызыку лакальных замаразкаў ва ўмовах аслаблення ветру і ўзмацнення начнога радыяцыйнага выхаладжвання.
«Гаворка не ідзе пра моцную халадовую хвалю, аднак фармуецца метэаралагічна непрыемны рэжым, пры якім нават умерана прахалодная паветраная маса можа прыводзіць да прыкметных начных мінусаў ля паверхні», — растлумачылі спецыялісты.

Аднак пакуль, як паказваюць кліматычныя мадэлі прагназавання, Беларусь па-за зонай рызыкі. Пад пагрозай галоўным чынам Заходняя Еўропа, дзе ўжо поўным ходам пачалася вегетацыя. У такіх умовах высокая рызыка моцных радыяцыйных замаразкаў уначы — гэта значна каварней, чым проста арктычны фронт, папярэдзілі спецыялісты.