«Рэпарцёры без межаў» заклікалі ўключыць пераслед журналістаў у расследаванне МКС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі
- 13.03.2026, 4:29
Правасуддзе дагоніць лукашыстаў.
Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) прывітала той факт, што Міжнародны крымінальны суд (МКС) пачаў расследаванне па матэрыялах аб учыненні рэжымам Аляксандра Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці.
Арганізацыя заклікала «ўключыць у яго пераслед журналістаў», нагадаўшы, што раней ужо звярталася ў суд з гэтай нагоды.
12 сакавіка стала вядома, што офіс пракурора МКС адкрыў расследаванне, паколькі прыйшоў да наступнай высновы: «Існуюць разумныя падставы меркаваць, што злачынствы, якія падпадаюць пад дзеянне Рымскага статута МКС, былі здзейсненыя прынамсі часткова на тэрыторыі Літвы». Апошняя, у адрозненне ад Беларусі, з'яўляецца дзяржавай-удзельніцай МКС.
Паводле паведамлення, мандат расследавання «ахоплівае трансгранічныя злачынствы — любыя мінулыя і цяперашнія абвінавачванні ў злачынствах, учыненых з 1 мая 2020 года ў Беларусі, калі прынамсі адзін элемент злачынства быў здзейснены на тэрыторыі Літвы, у адпаведнасці з параметрамі звароту і межамі юрысдыкцыі суда».
«Такім чынам, новае расследаванне ўключае злачынствы супраць чалавечнасці, такія як дэпартацыя, а таксама пераслед шляхам дэпартацыі ў дачыненні да любой вызначанай групы або супольнасці з палітычных матываў, якія, меркавана, былі ўчыненыя беларускімі ўладамі. Гаворка ідзе пра злачынствы, што падпадаюць адпаведна пад артыкул 7(1)(d) і артыкул 7(1)(h) Рымскага статута», — гаворыцца ў паведамленні.