Лукашыстам пагражае Гаагскі трыбунал за дэпартацыі апазіцыянераў з Беларусі
4- 12.03.2026, 21:10
- 2,576
Гэтага з 2024 года дамагалася Літва.
Пракратура Міжнароднага крымінальнага суда абвясціла пра пачатак афіцыйнага расследавання у дачыненні да ўладаў Беларусі з-за сілавой кампаніі супраць грамадзянскага насельніцтва краіны, якая пачалася пасля выбараў 2020 года.
Улады Беларусі падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці — а менавіта дэпартацый па палітычных матывах, якія ажыццяўляюцца ў межах дзяржаўнай палітыкі.
Пачаць расследаванне ў дачыненні да Беларусі ў 2024 годзе запатрабавала Літва. Беларусь не з'яўляецца чальцом МКС, таму суд на працягу паўтара года спрабаваў вызначыць, ці падпадаюць меркаваныя злачынствы пад яго юрысдыкцыю.
Цяпер у МКС прыйшлі да высновы, што меркаваныя злачынствы мелі трансгранічны характар, то-бок часткова здзяйсняліся на тэрыторыі Літвы — таму падпадаюць пад юрысдыкцыю суда.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года з Беларусі выехалі сотні тысяч чалавек. Шмат хто з'язджаў не толькі праз нязгоду з палітычным курсам, але і вымушана — праз відавочны ціск сілавікоў або пад пагрозай крымінальнага пераследу.