Беларусаў чакае снег
- 12.03.2026, 18:38
- 3,606
З наступнага тыдня сітуацыя з надвор'ем зменіцца.
12 сакавіка ў Беларусі зафіксавалі новы сутачны тэмпературны рэкорд для сакавіка. Аднак сіноптыкі папярэджваюць: ужо на наступным тыдні анамальнае цяпло пачне паступова адыходзіць, а надвор'е стане больш прахалодным і вільготным.
Паводле даных Белгідрамета, каля Кобрына ў Брэсцкай вобласці а 15:30 тэмпература паветра дасягнула +18,1 °C. Пра гэта паведаміў Telegram-канал «Метеовайб». Такім чынам быў пабіты папярэдні рэкорд 12 сакавіка, устаноўлены ў 2002 годзе ў Лельчыцах — тады слупкі тэрмометраў падняліся да +17,8 °C. У гэты ж дзень на дзясятках метэастанцый краіны, у тым ліку ў Мінску, абнавіліся сутачныя максімумы.
У бліжэйшыя дні цёплае надвор'е захаваецца. Паводле інфармацыі БелТА са спасылкай на Белгідрамет, 13–15 сакавіка чакаецца пераважна сухое і сонечнае надвор'е, магчымыя новыя тэмпературныя рэкорды.
13 сакавіка: уначы +1…+6 °C (месцамі 0…–2 °C), удзень +13…+19 °C, на ўсходзе крыху прахаладней — каля +10…+12 °C.
14 сакавіка: уначы –2…+5 °C, удзень +10…+16 °C, на поўдні і паўднёвым захадзе да +18 °C.
15 сакавіка: уначы –3…+3 °C (па захадзе да +5 °C), удзень +9 °C на паўночным усходзе і да +17 °C на паўднёвым захадзе.
Сіноптыкі папярэджваюць, што раніцай месцамі магчыма галалёдзіца.
З наступнага тыдня сітуацыя з надвор'ем зменіцца. Франтальныя раздзелы прынясуць у краіну больш прахалодныя паветраныя масы, месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, а ўначы магчымы мокры снег.
16 сакавіка (панядзелак): пераважна без ападкаў, на захадзе кароткачасовыя дажджы. Уначы –3…+4 °C, удзень +9…+14 °C, на паўднёвым захадзе да +17 °C.
17 сакавіка (аўторак): уначы месцамі дождж і мокры снег. Удзень тэмпература знізіцца да +6…+13 °C.
18 сакавіка (серада): ападкі захаваюцца. Уначы –3…+4 °C, удзень +5…+12 °C.
Нягледзячы на пахаладанне, тэмпература ўсё адно будзе перавышаць кліматычную норму прыблізна на 1–5 °C, адзначаюць сіноптыкі. Таму сапраўдная вясна працягваецца, але даставаць летняе адзенне пакуль рана.