Гурт Irdorath прадставіць альбом і кнігу, створаныя ў беларускай калоніі
Тур пройдзе ў найбуйнейшых гарадах Польшчы, Германіі, Чэхіі.
Беларускі pagan-folk-гурт Irdorath вяртаецца з маштабнай аўдыё-літаратурна-мастацкай прэм'ерай: новы альбом і кніга Bestiarium — першая буйная праца калектыву пасля палітычнага зняволення і аднаўлення творчай дзейнасці ў эміграцыі.
Альбом Bestiarium цалкам на беларускай мове і натхнёны вобразамі міфалогіі роднай краіны. Ён прысвечаны пошуку чалавечнасці ў нялюдскіх істотах, якія паўстаюць як складаныя персанажы са сваімі характарамі і адметнасцямі.
Двухмоўная кніга (на беларускай і англійскай мовах) з'яўляецца паўнавартаснай мастацкай часткай праекта. Яна ўключае тэксты песень, ілюстрацыі, легенды, культурны кантэкст і каментары гурта, што дапамагае слухачам і чытачам адчуць персанажаў як герояў трагічных, іранічных і філасофскіх змрочных гісторый. Дзякуючы такому падыходу нават тыя, хто не размаўляе па-беларуску, змогуць паглыбіцца ў свет беларускай міфалогіі і культуры.
Значная частка музычнага і візуальнага матэрыялу была створана падчас палітычнага зняволення аўтараў, і, вядома ж, гэты досвед адбіўся ў альбоме. Завершаны ў эміграцыі і з абноўленым складам, Bestiarium атрымаў новае, багатае і магутнае гучанне.
Рэліз ствараўся больш за пяць гадоў і ўбраў у сябе ўвесь назапашаны аўтарамі досвед. Такім чынам, ён сфармаваўся ў паўнавартасны аўдыёвізуальна-літаратурны твор, накіраваны на папулярызацыю беларускай культуры, у тым ліку па-за межамі краіны.
Кніга будзе выпушчана ў фізічным выглядзе разам з музычным CD. Альбом таксама будзе прадстаўлены асобна ў фармаце класічнага диджыпака з буклетам.
У падтрымку новага альбома гурт правядзе абмежаваную серыю спецыяльных выступленняў, на якіх альбом будзе выкананы цалкам. Паколькі лідары гурта чакаюць дзіцяці гэтым летам, гэтыя шэсць канцэртаў стануць адзінымі жывымі выступленнямі Irdorath у гэтым годзе. Пасля прэзентацыйнага тура гурт прыпыніць канцэртную дзейнасць як мінімум да 2027 года.
Прэзентацыйныя канцэрты Bestiarium пройдуць у Варшаве, Познані, Кракаве і Берліне. На гэтых канцэртах гурт падтрымае польскі фолк-дуэт Furda. Дадатковыя канцэрты адбудуцца ў Празе і Брне, дзе Irdorath выступяць у якасці спецыяльных гасцей чэшскага гурта Deloraine.
Геаграфія і даты тура:
24 красавіка — Варшава, Proxima
25 красавіка — Познань, 2 Progi
26 красавіка — Берлін, Maschinenhaus
28 красавіка — Прага, Archa Plus
30 красавіка — Брно, Sono Centrum
1 мая — Кракаў, Zaścianek
Квіткі можна набыць па спасылцы
