12 сакавiка 2026, Чацвер, 18:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Цяпер мы бачым серыю ўдараў па Расіі»

1
«Цяпер мы бачым серыю ўдараў па Расіі»

Украінскі дыпламат распавёў, чаму Кітай і Расія не прыйшлі на дапамогу Ірану.

Якія галоўныя сцэнарыі развіцця вайны на Блізкім Усходзе магчымыя на сённяшні дзень? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім дыпламатам і палітолагам, дырэктарам Цэнтра абаронных стратэгій Аляксандрам Харам:

— Павінна адбыцца эскалацыя перад тым, як усё ўціхомірзіцца на пэўны час. Тут ключавая праблема ў тым, што зусім не відавочныя мэты Злучаных Штатаў і Ізраіля. Яны розняцца.

Другі момант — немагчымасць дасягнуць заяўленых абстрактных мэт — змены рэжыму, яго трансфармацыі — без сухапутнай кампаніі або таго, каб, умоўна кажучы, нехта з іранцаў пачаў ваяваць за змену ўлады. Цяпер мы бачым спробы амерыканцаў уцягнуць курдаў і запусціць механізмы грамадзянскай вайны. Але паколькі гэта ўсё вельмі складана прагназаваць, мы можам казаць толькі пра тое, што ідзе інтэнсіўная кампанія па знішчэнні вытворчасці ўзбраенняў, магчымай вытворчасці ядзернай зброі, запасаў дронаў і ракет, каб зрабіць больш бяспечнымі і рэгіён, і Злучаныя Штаты.

Калі гэтая мэта будзе дасягнутая, і калі на зямлі не будзе ніякіх змен (узброенай апазіцыі, гатовой прыйсці да ўлады, а гэтага цяпер не прасочваецца), вайна заціхне на пэўны час. Аднак могуць наносіцца перыядычныя ўдары, амерыканцы могуць знішчаць або нейкія інфраструктурныя аб’екты, або палітычных і ваенных лідараў Ірана.

Іран паказаў здольнасць вытрымаць першы ўдар, і цяпер іх стратэгія ў тым, каб зрабіць цану на нафту непрымальнай для ўсяго свету, каб глабальныя гульцы пачалі ціснуць на Злучаныя Штаты і Ізраіль дзеля спынення удараў. Сёння з’явілася інфармацыя, што пачалі мініраваць Армузскі праліў, нанесены ўдары па нафтавай інфраструктуры Саудаўскай Аравіі. Плюс па танкерах, якія яшчэ ходзяць у гэтым рэгіёне. Буйнейшыя страхавыя кампаніі адмовіліся страхаваць рызыкі гэтых танкераў, а гэта азначае блакаду рэгіёна. І мала хто будзе рызыкаваць сваёй нафтай і танкерамі, каб зарабіць нейкія грошы. Іран застаўся практычна сам-насам з Ізраілем і ЗША.

— Чаму Кітай і Расія не прыйшлі на дапамогу Тэгерану?

— Яны дапамагалі Тэгерану да гэтага. РФ літаральна перад пачаткам аперацыі перакідвала ваенна-транспартнымі самалётамі зброю, сістэмы СПА, ракеты, дроны, якія ўжо выяўлены. Кітай купляў нафту ў абыход санкцый і пастаўляў тавары ваеннага прызначэння, кампаненты, неабходныя для зброі.

Ёсць некалькі прычын, чаму яны не сталі ваяваць. Па-першае, самая галоўная — гэта б азначала прамое сутыкненне з двума ядзернымі дзяржавамі. Мы ведаем, што ў Ізраіля афіцыйна няма ядзернай зброі, але пры неабходнасці ён можа яе ўжыць. Злучаныя Штаты адназначна маюць гэтае ўзбраенне.

Па-другое, як наогул расіяне маглі нешта зрабіць, калі яны ўвязлі ва Украіне? У іх няма такіх магчымасцяў. Яны ледзь-ледзь спраўляюцца з усходам Украіны, калі ў ўкраінцаў няма «Томагаўкаў», F-16, F-35 і вельмі вялікай колькасці іншай высокадакладнай зброі.

Цяпер мы бачым серыю ўдараў па Расіі. Першы ўдар — гэта Сірыя, потым Венесуэла, цяпер Іран, а ў найбліжэйшай будучыні, хутчэй за ўсё, будзе Куба. І расіяне дакладна не прыйдуць на дапамогу. Яны не збіраюцца ваяваць з амерыканцамі, бо не самагубцы.

Для кітайцаў, вядома, гэта таксама пэўны ўдар, таму што закранае эканоміку.

Кітайцы таксама не гатовыя ваяваць з амерыканцамі. Давайце ўспомнім, што Сі Цзіньпін ставіў задачу сваёй Народна-вызваленчай арміі да 2027 года быць здольнай вырашаць задачы ў сваім рэгіёне. Перш за ўсё маецца на ўвазе Тайвань, а тое, што мы бачым зачыстку генералаў, якая адбываецца цягам апошняга года, кажа, што гэта можа быць сапраўды карупцыя, але з другога боку вайскоўцы, хутчэй за ўсё, не гатовыя прымаць загады атакаваць, разумеючы наступствы.

Кітай пакуль што не гатовы нават у сваім рэгіёне нешта рабіць. Была інфармацыя, што расіяне перадаюць даныя для навядзення іранскіх дронаў і ракет па амерыканскай інфраструктуры. Думаю, што кітайцы робяць тое самае, толькі апасродкаваным шляхам. А ваяваць з ЗША яны дакладна не будуць. Для Сі Цзіньпіна найбольш небяспечная рэч — унутраная дэстабілізацыя. Мы ж ведаем і бачым, як з Расіяй гэта адбываецца. Любая шырокамаштабная вайна прыводзіць да структурных змен у дзяржаве.

З пункту гледжання рэсурсаў, таго, як насельніцтва сябе паводзіць і гэтак далей, Сі Цзіньпін не можа ўплываць на грамадскую думку. Хоць Кітай — не дэмакратыя, але мы бачылі пратэсты падчас каранавіруса, калі людзям не падабаліся гэтыя драконаўскія меры. Калі будзе пагаршэнне жыцця кітайцаў, то вельмі вялікая верагоднасць, што гэта будуць масавыя пратэсты. Сі пазбягае дзеянняў, якія могуць пахіснуць камуністычны рэжым. Ён будзе рабіць усё неабходнае, каб утрымаць гэтую стабільнасць і не ўлазіць у нейкія авантуры, якія могуць яе падарваць.

— Як змяніцца Блізкі Усход пасля ваеннай аперацыі ЗША і Ізраіля?

— Ніхто цяпер не дасць вам адказ. Хацелася б, каб рэжым аятолаў упаў і краіна стала на шлях вяртання да сваіх цывілізацыйных каранёў, каб Іран стаў нармальнай дзяржавай у рэгіёне. Тады б гэта кардынальна ўсё змяніла. Не было б краіны, якая падтрымлівае тэрарыстаў з «Хамаса», «Хезбалы», якая пастаянна рыхтуецца да вайны з Ізраілем.

Тады б Блізкі Усход змяніўся, але, хутчэй за ўсё, гэтага не адбудзецца ў бліжэйшы час. Рэжым аслаб і будзе спрабаваць вярнуць сабе пэўныя рэсурсы. Але пакуль што рана казаць пра гэтыя рэчы.

Мы бачым удзел арабскіх краін у кампаніі супраць Ірана. Удары падштурхнулі іх бліжэй у лагер да Злучаных Штатаў і Ізраіля. Для Саудаўскай Аравіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Кувейта пытанне бяспекі важнае, таму адбылася пэўная кансалідацыя гэтых арабскіх краін вакол ЗША. Яны ўспрымаюць Іран як пагрозу. У самым страшным сне яны бачаць аятолаў з ядзернай зброяй. Гэта была б пагроза не толькі для ЗША і Ізраіля, а ўсяму Блізкаму Усходу.

Нагадаю, што ў 2019 годзе былі ўдары па інфраструктуры Саудаўскай Аравіі. Там, праўда, Кітай выступіў пасярэднікам і нібыта яны памірыліся, але глыбінныя супярэчнасці нікуды не падзеліся. Тут пытанне падзелу рэлігій і агрэсіўнай палітыкі Ірана, падтрымкі ім тэрарыстычных груповак і падштурхоўвання рэгіёна да вайны.

Супярэчнасці застаюцца, а Іран аслаблены. Гэта ў цэлым пазітыўны момант для рэгіёна, але задача канчаткова не вырашана. Бо не было сухапутнай кампаніі і змены рэжыму. Ды і ўнутраных рэсурсаў апазіцыі пакуль што не прасочваецца. Гэта, дарэчы, як у Расіі. Та ж самая гісторыя: разрозненыя людзі, якія лічаць сябе апазіцыянерамі, не здольныя аб’яднацца, прапанаваць парадак дня для людзей, якія павінны іх падтрымаць. Адпаведна, патрэбная прапаганда, каб падключыць вялікія пласты насельніцтва. І самае галоўнае — быць гатовым да ўзброенага супраціву рэжыму, бо ФСБ нельга так лёгка скінуць. Спецслужбы кантралююць медыя, грошы, энергетыку, вялікія часткі эканомікі.

Тое самае ў Іране. Там ёсць вялікая колькасць розных сіл бяспекі і спецслужбаў, якія душаць любыя пратэсты. Я не бачу структураванай апазіцыі, якая гатовая нешта рабіць, аб’ядноўваць людзей і браць у рукі зброю.

Таму, хутчэй за ўсё, рэжым у перспектыве законсервуецца, а ў канчатковым выніку ён упадзе, бо яго рэсурсы вычарпаліся. Венесуэла і Расія не прыйдуць на дапамогу. Кітай жа не будзе інвеставаць у Іран больш, чым выкачваць з яго за капейкі нафту і іншыя рэсурсы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках