Пяскоў намякнуў на змену курса Расіі ў перамовах аб міры ва Украіне
7- 11.03.2026, 21:51
- 8,286
Прэс-сакратар Пуціна заявіў, што «Рэальнасць змянілася».
Стамбульскія пагадненні паміж Украінай і краінай-агрэсарам РФ 2022 года больш не з'яўляюцца актуальнымі. Пра гэта расійскім прапагандыстам ТАСС 11 сакавіка заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
У Пяскова спыталі пра прыхільнасць Крамля да стамбульскіх дамоўленасцей у перамовах аб заканчэнні расійска-ўкраінскай вайны.
«Уся рэальнасць змянілася», — адказаў спікер Пуціна.
«Агенцтва» лічыць, што такая заява Пяскова можа сведчыць пра змену перамоўнай пазіцыі Масквы па Украіне, бо раней Крэмль настойваў, што мірнае ўрэгуляванне магчыма толькі на аснове дамоўленасцей у Стамбуле.
Журналісты звярнулі ўвагу, што заява таксама прагучала на фоне ваеннай аперацыі Ізраіля і ЗША супраць Ірана, што магло адцягнуць Вашынгтон ад пытання міру ва Украіне. Раунд трохбаковых перамоваў аб спыненні расійска-ўкраінскай вайны мусіў адбыцца на мінулым тыдні, аднак сустрэчу перанеслі на просьбу амерыканскага боку, паведамляў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.